Пашкевіч: 17 верасня — важная гістарычная падзея для беларусаў, але не свята

17/09/2021 - 08:53

17 верасня ўлады Беларусі адзначаюць "Дзень народнага адзінства", прыдуманы сёлета. Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч выказаў сваё меркаванне наконт таго, ці з'яўляецца гэтая дата святочнай для беларусаў.

"Як чыста памятная і сімвалічная дата, звязаная з катэгорыяй “адзінства”, 17 верасня 1939 года цалкам можа існаваць, піша Пашкевіч у Facebook. — Усё ж такі як ні круці, але аб’яднанне падзеленых раней дзвюх вялікіх частак беларускай этнічнай тэрыторыі у складзе адной дзяржавы (Савецкага Саюза) і адной адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі з прыкметамі псеўдадзяржаўнасці (Беларускай ССР) у выніку тых падзей адбылося".

Гісторык лічыць, што "гэта сапраўды важная гістарычная падзея для беларусаў, у значнай ступені лёсавызначальная". "Але не свята! — працягвае Аляксандр Пашкевіч. — Бо на змену аўтарытарнай сістэме, якая існавала ў Польшчы, да жыхароў Заходняй Беларусі прыйшоў савецкі таталітарызм".

Паводле яго слоў, "вызваленнем такое называць не толькі няправільна, але і кашчунна". Пашкевіч не выключае, што ў выніку цяперашнім рэжымам дата будзе настолькі "запэцканая", што ў будучыні "не будзе ўспрымацца пазітыўна ці хоць бы нейтральна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі