Пасажыр легкавіка падчас аварыі вылецеў праз заднюю шыбу (фота)

28/03/2016 - 15:42

У Лунінецкім раёне пры аўтааварыі пасажыр легкавіка вылецеў праз заднюю шыбу. Здарэнне адбылося 27 сакавіка.

Як паведамляе прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці, на аўтадарозе М10 "Кобрын-Гомель-мяжа Расіі" адбылася аварыя, у якой былі параненыя два чалавекі. Паводле папярэдняй інфармацыі, 21-гадовы кіроўца аўтамабіля "Сеат" страціў кіраванне аўтамабілем, і аўто перакулілася. У выніку аварыі 19-гадовы пасажыр, які знаходзіўся на заднім пасажырскім сядзенні, вылецеў праз заднюю шыбу аўтамабіля на праезную частку. Маладога чалавека шпіталізавалі з пераломам асновы чэрапу і гематомай галаўнога мозгу. Кіроўца атрымаў не такія сур'ёзныя траўмы, але таксама трапіў у лякарню.

Выявілася, што кіроўца быў прышпілены рамянём бяспекі, а вось пацярпелы пасажыр — не.

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі