Парушэнне дэпутата, які праехаў пад “цагліну”, разглядаюць у ДАІ

23/12/2015 - 14:36

7 снежня у беларускім інтэрнэце з’явілася рэзананснае відэа, на якім дэпутат Мінаблсавета Алег Суконка груба парушае ПДР: едзе па дарозе з аднабаковым рухам у процілеглым кірунку.

У інтэрв’ю Еўрарадыё ён не стаў адмаўляць, што парушэнне мела месца. Звычайна кваліфікаванаму інспектару ДАІ хапае хвілін, каб разабрацца ў сітуацыі і вынесці рашэнне па пакаранні.

Але разгляд сітуацыі цягнецца тыднямі. Гэта можа быць звязана і з тым, што аўтар скандальнага відэароліка Аляксандр не напісаў зварот у міліцыю адразу ж пасля інцыдэнту. Ён збіраецца ехаць у ДАІ толькі напрыканцы снежня. Але, аказваецца, знайшліся іншыя людзі, якія паведамілі пра здарэнне ў раённую міліцыю. Звязваемся з адным з гэтых людзей. Аўтааматар Віталь Занько тлумачыць, што інцыдэнту не бачыў і асабіста па той бараўлянскай дарозе з аднабаковым рухам не ездзіў, але яго абурылі паводзіны дэпутата з відэа.

“У ДАІ мяне выклікалі, каб скласці пратакол апытання. Пагутарыў з намеснікам начальніка. Было стандартнае апытанне, але ў мяне склалася ўражанне, што дэпутата… хочуць рэабілітаваць. Гучала такое меркаванне, што ён сапраўды заехаў “пад цагліну”, але не мог ведаць, што там аднабаковы рух. Я яшчэ раз прагледзеў відэа да канца і ўпэўніўся, што знакі на той дарозе ўсталяваныя правільна”.

Вы ўсе ходзіце пад Богам і калашмаціце паважанага чалавека, у прынцыпе, ні за што.

Алег Суконка, дэпутат, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава

Сапраўды цікава, як ДАІ разгледзіць дзеянні Алега Суконкі. За праезд “пад цагліну”, напрыклад, могуць даць максімум пяць базавых велічынь штрафу. А за выезд на паласу з аднабаковым рухам у супрацьлеглым кірунку могуць пазбавіць правоў. Але пакуль выглядае, што міліцыю відэаролік з удзелам дэпутата не надта цікавіць.

Сам Алег Суконка незадаволены тым, што інфармацыя пра яго разышлася па інтэрнэце і больш не хоча каментаваць здарэнне.

“Вы ўсе ходзіце пад Богам і калашмаціце паважанага чалавека, у прынцыпе, ні за што. Увогуле не збіраюся на гэтую тэму гутарыць”.

Алег Рыгоравіч сапраўды з’яўляецца заслужаным чалавекам. Ён прафесар, доктар навук. Але ПДР пішуцца для таго, каб іх выконвалі ўсе грамадзяне.

Дарэчы, гучныя гісторыі з удзелам статусных беларускіх кіроўцаў адбываюцца рэгулярна. Улетку відэакамеры зафіксавалі Аляксандра Лукашэнку, які тэсціраваў кавалак МКАД-2, не прышпіліўшыся рэменем бяспекі. Тады ДАІ не змагло ясна патлумачыць, ці парушаў кіраўнік Беларусі ПДР. Адказная службовая асоба, адмаўляючы факт правапарушэння, чамусьці спаслалася на Канстытуцыю, дзе, між іншым, акрэсленая роўнасць перад законам усіх грамадзян краіны.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі