Парашэнка вярнуўся ва Украіну, дзе будзе вырашацца пытанне пра яго арышт

17/01/2022 - 07:47
Пётр Парашэнка на пашпартным кантролі / facebook.com/DPSUkraine

Былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка вярнуўся ва Украіну, дзе ў дачыненні да яго ідзе судовы працэс. Сёння Пячэрскі райсуд Кіева разглядае пытанне аб яго арышце. Экс-прэзідэнт раней казаў, што збіраецца прыйсці на гэтае судовае пасяджэнне.

Ва Украіну экс-прэзідэнт прыляцеў з Польшчы на самалёце бюджэтнай авіякампаніі Wizzair.

У аэрапорце Варшавы ён паспеў адказаць на некалькі пытанняў. У прыватнасці, сказаў, што не баіцца арышту, таму што "за мной праўда". Парашэнка таксама сказаў, што плануе новыя паездкі. Падрабязнасці імправізаванай прэс-канферэнцыі ў Варшаве прыводзіць агенцтва ТАСС.

Тым часам у кіеўскім аэрапорце Жуляны Парашэнку сустракалі яго прыхільнікі.

Прыхільнікі Пятра Парашэнкі ў кіеўскім аэрапорце / @stranaua

Калі Парашэнка выйшаў да прыхільнікаў і журналістаў, ён распавёў, што на пашпартным кантролі яго пратрымалі каля 15 хвілін і "спрабавалі не прапусціць на тэрыторыю Украіны".

"Яны забралі пашпарт, казалі, што павінны ўсталяваць маю асобу, таму што сумняваліся, што я Парашэнка", — цытуе экс-прэзідэнта ВВС. Па яго словах, сітуацыя вырашылася "выключна дзякуючы таму, што ў складзе пасажыраў рэйса з Варшавы было велізарная колькасць журналістаў".

Парашэнка з'ехаў з Украіны каля месяца таму — пасля таго, як яму спрабавалі ўручыць позву на допыт. Ён паляцеў у Турцыю. У яго штабе тады заявілі, што лідар адправіўся "ў загадзя запланаванае дыпламатычнае турнэ".

Ва Украіне Пятро Парашэнка з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб пастаўках данбаскага вугалю ў 2014-2015 гадах. Справа распачатая па артыкулах "Фінансаванне тэрарызму", "Дзяржаўная здрада" і "стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі" Крымінальнага кодэкса Украіны. Экс-прэзідэнту пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі