Папа Францішак пацвердзіў гатоўнасць наведаць Беларусь

18/08/2016 - 15:29

Папа Францішак пацвердзіў гатоўнасць наведаць Беларусь. Пра гэта паведаміў новы апостальскі нунцый Габар Пінтэр, які прыбыў у Мінск 18 жніўня. Паводле яго слоў, прыблізна два тыдні таму ён размаўляў з пантыфікам, у тым ліку і пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у траўні 2016-га і пра зробленую прапанову наведаць Беларусь. "Папа рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасць для гэтага візіту. Я не магу сказаць, калі або як, аднак думаю, што сказанае пантыфікам — нешта пазітыўнае для Беларусі", — цытуе словы Пінтэра партал catholic.by.

У нацыянальным аэрапорце Мінск папскага пасла сустракалі ўсе чальцы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

"Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю, — сказаў Пінтэр. — Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь".

Габар Пінтэр — ураджэнец Венгрыі, яму 52 гады. Прызначэнне новым апостальскім нунцыем у Беларусі ён атрымаў тры месяцы таму.

Фота: catholic.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі