Паніка ў Лукашэнкі: хто гэты новы амерыканскі перамоўшчык, які прыехаў разам з Коўлам

15/09/2026 - 14:00

Крыстафер Паніка / Пул Першага / Пул Первого

Гэта вельмі добрая навіна, кажа амерыканіст Антон Пянькоўскі, калі бачыць у складзе амерыканскай дэлегацыі ў Мінску дыпламата Крыстафера Паніка. Паніка заняў у дэлегацыі месца ключавога перамоўшчыка Крыса Сміта і сёння сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

На пачатку кар’еры ў Пянькоўскага была магчымасць крыху папрацаваць з Паніка ў амерыканскай амбасадзе.

— Гэта выбітнейшы спецыяліст з неверагодна глыбокім досведам працы. Ён працаваў і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў складзе АБСЕ на тэрыторыі Беларусі, і ў складзе амерыканскай амбасады.

Ён прагматычны чалавек, у яго востры розум, ён на неверагодным узроўні ведае мовы. Спадар Паніка — адзін з нешматлікіх амерыканскіх дыпламатаў, якія яшчэ не сышлі на пенсію. Ён ведае беларускую праблематыку як ніхто. Ён таксама вядомы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і значыць, яны не будуць спрабаваць свае жартачкі і дзіўныя розыгрышы на ім, бо гэты чалавек усё ўжо бачыў.

І гэта аргумент супраць тых, хто кажа, нібыта амерыканская дыпламатыя нічога не разумее пра Беларусь і Лукашэнка ўсіх амерыканскіх дыпламатаў падмане. Крыстафер Паніка — чалавек, які працуе з беларускай тэматыкай больш, чым частка гэтых экспертаў жыве на свеце, — распавядае Пянькоўскі ў размове з Еўрарадыё.

Паніка назіраў за Лукашэнкам на працягу ўсяго яго тэрміну ва ўладзе.

— Усе падыходы беларускай рэпрэсіўнай сістэмы, узлёты і падзенні беларускай эканомікі. Ён у лічбах ведае магчымасці і беларускай эканомікі, і беларускага грамадства. І ён можа пераходзіць ад абстракцый да канкрэтыкі.

Гэта можа спрасціць працэс перамоў. Літаральна сітуацыя такая: яны ведаюць, што ён ведае, што яны ведаюць. Таму ўсе жартачкі можна прапусціць і перайсці ў практычную плоскасць у абмеркаванні пытанняў.

Тое, што папярэднік Паніка — Крыс Сміт — сышоў з пасады, гэта звычайная ратацыя, кажа Пянькоўскі. І на гэтую пасаду мусіў быць прызначаны чалавек з дзярждэпа з рэгіянальным досведам.

Крыстафер Паніка ў амбасадзе ЗША, 2011 год / US Embassy

Сам Джон Коўл — адвакат, а не кар’ерны дыпламат, яго аднаго для такой працы на гэтым кірунку недастаткова. Але як зменіцца стратэгія перамоў, калі ў камандзе будзе Крыстафер Паніка? І ці будзе на стале па-ранейшаму гарэлка, пра якую некалькі разоў распавядаў спецпасланнік Джон Коўл?

— Я б быў асцярожны з тым, каб казаць, нібыта мы ведаем пра падыходы Джона Коўла. У расповедах ён абмяжоўваецца анекдотамі пра гарэлку. Але калі параўнаць усе гэтыя каментары, пабачыце, што яны выглядаюць аднолькава — гэта тое, што ён кажа на публіку.

Якія аргументы насамрэч ён выкарыстоўвае ў размове з беларускім аўтакратам, застаецца за зачыненымі дзвярыма. Браць за базу анекдоты, якія пераказвае Коўл, не варта.

Частка экспертаў агучвалі песімістычны прагноз, нібыта пасля прамежкавых выбараў у лістападзе ЗША страцяць цікаўнасць да Беларусі — і сёння мы бачым апошні візіт дэлегацыі ў Мінск. Пянькоўскі не разумее прычын гэтых настрояў.

— Нішто не кажа, што амерыканскі ўрад страціць цікаўнасць да Беларусі. Да таго ж, беларускі кірунак з’яўляецца адным з выніковых — то-бок па ім можна паказаць канкрэтны прагрэс.

Нават калі амерыканскія заканадаўцы папросяць дзярждэп адсправаздачыцца, наколькі эфектыўна гэты кірунак працуе і ці варта на яго выдаткоўваць рэсурсы, дык амерыканскім дыпламатам будзе што паказаць. Я цалкам не згодны з тым, што пасля прамежкавых лістападаўскіх выбараў на гэтым кірунку больш нічога не адбудзецца, — кажа Пянькоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі