Памёр гісторык Георгій Галенчанка, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя

09/03/2026 - 14:58

Георгій Галенчанка / vkl.by

Ва ўзросце 90 гадоў памёр гісторык Георгій Галенчанка — навуковец з сусветным імем, паведамляе "Наша Ніва".

Ён нарадзіўся 28 лютага 1936 года ў Петразаводску (Карэлія) ва ўкраінска-яўрэйскай сям'і, але з дзяцінства жыў у Мінску. Вывучыў беларускую мову, палюбіў беларускую культуру.

Галенчанка скончыў гістфак БДУ і аспірантуру Гісторыка-архіўнага інстытута ў Маскве. Там ён абараніў дысертацыю "Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI — XVIII стагоддзяў".

Галенчанка першы адкрыў для шырокага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагоддзі кнігадрукавання. Ён падрабязна апісаў іх і выклаў змест у каталозе "Кніга Беларусі 1517 — 1917", што было вельмі смела ў тагачаснай савецкай Беларусі, бо кнігі былі рэлігійнымі.

Таксама ён стаў ініцыятарам факсімільнага выдання Бібліі Скарыны. Галенчанка разам з фатографам ездзіў па свеце і шукаў кнігу за кнігай, каб выдаць для беларусаў поўны камплект.

Адной з заслуг навукоўца з'яўляецца тое, што ён вярнуў Францішку Скарыну сапраўднае імя. Доўгі час лічылася, што другім імем першадрукара было Георгій. Аднак Галенчанка знайшоў дакумент, які паказвае, што "Георгіус" — памылка, дапушчаная перапісчыкам у копіі дакумента: замест "выдатны" (egregius) Францішка Скарыну напісалі "georgius".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі