Палітвязню Арцёму Касакоўскаму дадалі паўтара года да ранейшых пяці

23/05/2022 - 14:35

Палітвязню Арцёму Касакоўскаму, асуджанаму на пяць гадоў калоніі, дадалі яшчэ 1,5 года зняволення, паведамляюць праваабаронцы. Дадатковы тэрмін яму прысудзіў суд Лідскага раёна.

Арцём адбывае ў наваполацкай калоніі тэрмін у пяць гадоў па мінскай "справе чата".

Цяпер яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях у Лідзе ў жніўні 2020 года. Хлопцу выставілі абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Галоўным доказам віны па справе стала відэа на YouTube, дзе Касакоўскага знайсці цяжка. Вядома, што на мітынгу ў Лідзе для разгону пратэстоўцаў ужываліся святлошумавыя гранаты, а таксама сілавікі стралялі.

У выніку Арцёму дадалі 1,5 года зняволення.

Дарэчы, 14 чэрвеня палітвязню спаўняецца 24 гады. Гэта другі дзень народзінаў, які хлопец сустрэне ў зняволенні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі