Дэпутаты не захацелі "абараніць" адвакатаў ад выканаўчай улады

13/06/2017 - 11:19

13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла змены ў закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці. "За" новую рэдакцыю закона прагаласавала 100 дэпутатаў, "супраць" — 1. Па галасаванні за фармальны тэкст пастановы, якой зацвярджаюцца папраўкі, "за" — 99 дэпутатаў, "супраць" — 0. Яшчэ трое не прымалі ўдзелу ў галасаванні.

Яшчэ ў 2015 годзе, калі праект закона толькі рыхтаваўся, праваабаронцы ўказвалі Палаце прадстаўнікоў на істотную залежнасць адвакатаў ад Міністэрства юстыцыі. Гэтая залежнасць яскрава праявіла сябе ў 2011 годзе, калі Мінюст пазбавіў ліцэнзіяў некалькіх адвакатаў, якія абаранялі экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасці.

"Мы гэтую праблему сапраўды паставілі, агалілі і прасілі перагледзець кампетэнцыю Міністэрства юстыцыі ў дачыненні да адвакатуры. Бо гэта самы сур'ёзны парог дзеючага закона", — распавядае Еўрарадыё старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.

Тады з Палаты прадстаўнікоў адказалі, што ўлічаць заўвагі праваабаронцаў. Але на фота, якое сёння зрабіў у парламенце журналіст Паўлюк Быкоўскі, бачны надпіс "Заўвагаў і прапановаў ад дэпутатаў не паступала".

Фота са старонкі Паўлюка Быкоўскага ў ФБ.

Гары Паганяйла заўважае, што папраўкі — у тым ліку і канцэптуальныя — маглі быць унесеныя ў праект закона на этапе рэдактуры. Паміж першым і другім чытаннямі прайшло амаль паўтара года.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая піша, што была той самай адзінай, хто галасаваў супраць праекту закона. "Ва ўмовах, калі 95% грамадзян не давяраюць судовай сістэме, адвакатура павінна стаць адным з інструментаў, якія забяспечваюць незалежнасць гэтай сістэмы, яе непрадузятасць і справядлівасць. Для гэтага адвакаты павінны мець больш правоў і быць абароненымі ад любога ўмяшання ў сваю дзейнасць з боку выканаўчай улады. Аднак гэта не знайшло свайго адлюстравання ў законапраекце", — тлумачыць сваю пазіцыю спадарыня Канапацкая.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі