Падзяліць Лукашэнку з Пуціным: навошта Украіне выступаць супраць новых санкцый

13/01/2023 - 14:52
Розныя санкцыі аддзяляюць становішча Пуціна і Лукашэнкі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё  

Украіна магла папрасіць Еўрасаюз не ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, каб паказаць, што Лукашэнка і Пуцін усё яшчэ не ўспрымаюцца аднолькава. А значыць у беларускага рэжыму ёсць магчымасць не ўвязвацца ў вайну яшчэ больш.

Пра такую просьбу Украіны паведаміў у сацсетках журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк. Пазней МЗС Украіны абвергла, што такое было. Аднак ёсць падставы меркаваць, што нейкія таемныя перамовы Украіны з ЕС наконт Беларусі былі.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, якія.
 

Новыя санкцыі — новы шантаж

Пры размове аб новых санкцыях Лукашэнка зноў пачне шантажаваць Еўропу ваеннай пагрозай / Міністэрства абароны

На заявы Ёзвяка адрэагаваў і прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана. Ён заявіў, што публічна дэталі — чаму хтосьці трапіў пад санкцыі, а хтосьці не — не абмяркоўваюцца.

Гэта значыць ніхто афіцыйна не пацвердзіць тое, што такая ідэя была, — кажа кіраўнік Украінскага інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Ці магла б Украіна прасіць, каб не ўводзіліся санкцыі супраць Беларусі? Бачу толькі адну логіку. Украіна такім чынам не хацела Лукашэнку аб'ядноўваць з Пуціным. Не думаю, што калі б быў пакет санкцый толькі супраць Лукашэнкі за суўдзел у агрэсіі, што Украіна актыўна была б супраць гэтага.

Думаю, гэтае паведамленне Рыкарда Ёзвяка падкрэсліла, наколькі важнай з'яўляецца Беларусь для еўрапейскай бяспекі. І гэта паведамленне абсалютна пацвярджае маю асабістую формулу, што без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы.

Акрамя таго, Украіну больш хвалююць санкцыі супраць Расіі. Ад гэтага залежыць і стан беларускага рэжыму.

Санкцыі супраць Беларусі могуць быць эфектыўнымі толькі тады, калі Расія страціць магчымасць яе падтрымліваць. Тады было б лагічна, каб Еўрапейскі Саюз дзейнічаў паступова і заганяў Лукашэнку ў кут, — працягвае Яўген Магда. — А калі зараз пачнецца абмеркаванне новых санкцый, Лукашэнка пачне публічна разважаць ва ўласцівай яму манеры. "Ці пераабсталявалі ўжо беларускія самалёты пад носьбіты ядзернай зброі, ці не дрыжаць рукі ў беларускіх аператараў комплексаў "Іскандэр", якія таксама могуць несці ядзерныя боегалоўкі?”

Украіна заяўляе аб гатовасці нападу з боку Беларусі, але такі сцэнар непажаданы. На фота мяжа Украіны з Беларуссю / t.me/tymoshenko_kyrylo

Палітолаг Андрэй Ягораў таксама лічыць, што просьба з боку Украіны магла быць.

Увядзенне санкцый мае на мэце перш за ўсё вырашыць пытанне з вайной. Галоўным фактарам тут з'яўляецца Украіна, з якой па гэтых пытаннях кансультуюцца. Таму тэарэтычна такое, вядома, магло быць. Трэба адштурхоўвацца ад інтарэсаў Украіны. Калі Украіна зрабіла гэта, то з якой мэтай? Дакладна не зразумела, таму што палітыка Украіны ў дачыненні да Беларусі досыць неадназначная. На афіцыйным узроўні прымаюцца адны дакументы, але на практыцы можа адбывацца па-іншаму.

Адной з мэтаў Украіны перш за ўсё будзе пытанне бяспекі. Яна адштурхоўваецца ад пытання змяншэння пагрозы для сябе. І, вядома, стратэгічна для Украіны важна зазначаць розніцу паміж Расіяй і Беларуссю ў гэтым кантэксце. Таму што яны па-рознаму ўдзельнічаюць у канфлікце, рознае стаўленне да рэжымаў у грамадствах.

Ва Украіне таксама могуць разумець розніцу паміж ўстаноўкамі ў беларускім і ў расійскім грамадстве, адзначае эксперт. Бо ў Беларусі яно ў значна большай ступені выступае супраць вайны ва Украіне і дзейнага рэжыму. Тады лагічна, што беларускае грамадства павінна мець больш шырокія магчымасці для кааперацыі з Еўрапейскім Саюзам.

Але мы можам толькі гадаць. Могуць таксама існаваць лабісцкія інтарэсы з боку пэўнай часткі беларускіх элітаў, якая да сённяшняга часу выступае за магчымае супрацоўніцтва. Або справа ў ролі Беларусі, якая патрэбная Украіне ў сувязі з абменам ваеннапалоннымі, або стратэгічнай гульнёй паміж Лукашэнкам і Пуціным. Гэта ўсё можа быць матывамі таго, каб Украіна выступала за неўключэнне Беларусі ў дзявяты пакет санкцый, — падсумоўвае Андрэй Ягораў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі