Пад Маладзечнам, нягледзячы на пратэсты, пачалі будаваць свінакомплекс (фота)

14/12/2015 - 14:26

Маладзечанская гісторыя супрацьстаяння людзей свінням пачалася год таму — у снежні 2014-га. Тады мясцовая кампанія “Вялес-Міт” задумала пабудаваць у раёне ажно два гіганцкія свінакомплексы на сто тысяч галоў у год кожны. Жыхары горада і раёна абурыліся, запатрабавалі праекты, прыйшлі на слуханні ў райвыканкам — у выніку запланаванае на студзень 2015 года будаўніцтва так і не пачалося (па чутках, у "пахучую" справу ўмешваўся сам “губернатар” Шапіра). Але на пачатку чэрвеня кіраўнік краіны дазваляе будаваць свінакомплексы сваім указам. Жыхары вёскі Лохаўшчына даслалі Еўрарадыё фота з месца будаўніцтва аднаго з комплексаў.

 

Расіяне павінны прыехаць на пляцоўку ў бліжэйшыя дні

“Там такая цнатлівая беларуская тэрыторыя, узгоркі. І яны зрэзалі кавалак пагорка, сем метраў грунту знялі. Зрабілі пад’язныя дарогі да пляцоўкі. Там цяжкая тэхніка стаіць. Учора нядзеля была, таму працы не вяліся, мы не бачылі. Толькі вартаўнік быў”, — расказвае Уладзіслаў з вёскі Лохаўшчына.

Лохаўшчына (як і яшчэ некалькі вёсак, размешчаных на адлегласці 1-2 км ад будучага свінакомплекса) знаходзіцца не ў Маладзечанскім, а ў Валожынскім раёне. Уладзіслаў расказвае, што некалькі вёсак нават уваходзяць у афіцыйную ахоўную зону свінакомплекса. Але з іх жыхарамі пра будаўніцтва гіганта ніхто не размаўляў:

“Ніякага абмеркавання з жыхарамі Валожынскага раёна не было. Мы пісалі ў райвыканкам, прасілі пра гэта. Аднак нам адказалі, што пытанне будаўніцтва ўжо абмяркоўвалася ў Маладзечанскім раёне. А ў Валожынскім могуць абмеркаваць, калі замоўца будаўніцтва сам да іх звернецца”.

Па словах ахоўніка пляцоўкі, будаўнікі там з'явяцца ўжо ў бліжэйшы тыдзень — трэба падрыхтаваць часовае жыллё для асноўнай масы рабочых. Яны, чамусьці, павінны прыехаць з Расіі.

Нам не трэба тут столькі г..на!

“Я хацеў бы, каб гэтая нарада прайшла дыпламатычна. Кароткія пытанні. Каб не было нейкіх дэбатаў і з месца выказванняў. Я папрасіў бы прадставіцца, калі ў некага ёсць пытанні. І тады ён атрымае дакладны і зразумелы адказ”, — намеснік кіраўніка Маладзечанскага райвыканкама па пытаннях эканомікі Генадзь Актанаровіч крыху збянтэжана аглядае запоўненую амаль цалкам вялікую залу паседжанняў.

Нам не паказваюць дакументы, гэта незаконна

 

Год таму пасля грамадскіх слуханняў у Маладзечна было вырашана дапрацаваць дакументы, датычныя ўздзеяння будучых свінакомплексаў на навакольнае асяроддзе. І паказаць іх грамадскай камісіі, куды сярод іншых увайшлі эколагі з арганізацыі “Зялёная сетка”. Яе юрыст Марына Дубіна кажа, што справаздачу ў грамадскай камісіі не бачылі дагэтуль.

“Нам сказалі, што дакументацыя пакуль недапрацаваная. А калі будзе апрацаваная, то яны нам павінны яе падаць для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы. Бо мы яе заявілі. Па законе яны павінны нам перадаць гэтыя дакументы да таго, як пашлюць іх на дзяржаўную экспертызу. Але дагэтуль, а ўжо паўгода прайшло, дакументы справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе нам ніхто не паказаў. Калі яны ўжо на дзяржаўнай экспертызе, то гэта незаконна”, — расказвае Марына Дубіна.

І дадае, што цяпер, калі будаўніцтва фактычна пачалося, прадстаўнікі грамадскай камісіі будуць звяртацца па неабходныя дакументы ў пісьмовай форме. Паводле раней агучаных планаў, будаўніцтва павінна скончыцца да 2018 года.

 

Фота Аўгіні Манцэвіч

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі