Пацярпелы на судзе над Аўтуховічам быў сведкам на 40 палітычных працэсах

22/06/2022 - 09:38

На судзе над "групай Аўтуховіча" 22 чэрвеня пачаліся допыты пацярпелых, перадае БЕЛТА.

Першым паказанні дае міліцыянт з Ваўкавыскага РАУС. На пачатку кастрычніка 2020 года ўзарвалі яго аўтамабіль і падпалілі недабудаваны дом у Ваўкавыску. 

Мужчына расказаў, што працуе ў міліцыі больш за 15 гадоў. Раней быў старшым інспектарам аховы правапарадку, а з траўня 2022-га — на пасадзе ўчастковага інспектара. У 2020 годзе міліцыянт уваходзіў у групу па растлумачэнні заканадаўства на масавых мерапрыемствах. У яго абавязкі ўваходзіў відэазапіс. У затрыманнях ён не ўдзельнічаў. 

Таксама ён паведаміў, што больш за 40 разоў выступаў як сведка на адміністрацыйных судах над удзельнікамі масавых мерапрыемстваў.

Міліцыянт паведаміў, што яго фатаграфія і асабістыя звесткі былі размешчаныя ў адным з Telegram-каналаў, там была інфармацыя пра аўтамабіль, але не было звестак пра дом. Мужчына заявіў, што яму паступалі пагрозы наконт здароўя і жыцця, але не маёмасці. З пачатку гэтага суда, па яго словах, пагрозы паступалі і ягоным бацькам.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яго "падзельнікамі" абвешчаны адкрытым, але праходзіць у гродзенскай турме. Трапіць на яго могуць толькі журналісты дзяржаўных СМІ. Аўтуховіча вінавацяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў тэрарызме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі