Анджэй Пачобут / AKPA
"Я вельмі рада, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома". Так Святлана Ціханоўская пракаментавала навіну пра вяртанне экс-палітвязня Анджэя Пачобута ў Беларусь.
Яна адзначыла, што гэта быў мужны крок з ягонага боку — гэта разумее кожны, хто ведае гісторыю Пачобута. "Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасці і міжнароднай падтрымцы", — дадала лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
Разам з тым яна заклікала не рабіць з гэтага вяртання выснову, што ў Беларусі для ўсіх змянілася сітуацыя: "Рэпрэсіі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ. Для тых, хто мае рызыку пераследу, вяртанне па-ранейшаму можа быць небяспечным".
Ціханоўская падкрэсліла, што такія людзі, як Пачобут, натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам: "І сёння галоўнае — каб ён быў у бяспецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць".
Экс-палітвязень Анджэй Пачобут 8 верасня адправіўся з Польшчы ў Беларусь. Ён плануе правесці там тыдзень з блізкімі і сябрамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут