“Пабачым масавы адток адвакатаў”: юрыст каментуе “адвакацкі законапраект”

16/04/2021 - 15:07

16 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект “Аб змене законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці”. Сярод навінак — скасаванне абавязковага трохгадовага стажу па спецыяльнасці, увядзенне спрошчанага парадку стажыроўкі і здачы кваліфікацыйнага іспыту для прэтэндэнтаў з ліку былых суддзяў, пракурораў ды іншых работнікаў праваахоўных органаў. А адвакаты-прыватнікі і адвакацкія бюро ўвогуле цяпер будуць працаваць толькі ў складзе дзяржаўных юрыдычных кансультацый.

Пра тое, што абноўлены закон нясе грамадзянам і самім адвакатам, Еўрарадыё запыталася ў юрыста Сяргея Зікрацкага.

Над кожным адвакатам — загадчык, узгоднены з дзяржавай

Еўрарадыё: Чаго цяпер чакаць абывацелю? Знікнуць незалежныя адвакаты і беларусы не змогуць выбіраць сабе абаронцу?

Сяргей Зікрацкі: Не, ніхто не пазбаўляе права выбіраць адваката. Проста форма кіравання цяпер будзе не такая добрая, як была дагэтуль.

Адзінай формай ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці будзе юрыдычная кансультацыя. Юрыдычная кансультацыя — гэта такая форма арганізацыі, калі некалькі адвакатаў працуюць пад кіраўніцтвам загадчыка гэтай юрыдычнай кансультацыі. Гэты загадчык прызначаецца ці ўзгадняецца з Міністэрствам юстыцыі. Таму такія найбольш незалежныя формы ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, як індывідуальная адвакацкая дзейнасць, калі адвакат падпарадкаваны сам сабе, ці дзейнасць у складзе адвакацкіх бюро, калі адвакаты аб’ядноўваюцца ў адвакацкае бюро, будуць ліквідаваныя.

Яшчэ адзін момант: сама па сабе работа юрыдычных кансультацый не заўсёды эфектыўная ў тым выпадку, калі мы гаворым пра абарону падчас буйных працэсаў. На буйных працэсах працуюць адразу некалькі адвакатаў. І калі гэта ўсё ідзе праз адвакацкае бюро, тады ўсё проста. Калі ж адвакаты будуць у юрыдычных кансультацыях, то, адпаведна, з кожным асобным адвакатам трэба будзе заключаць дамову і вырашаць гэтае пытанне асобна. Гэта ўскладніць працу па такіх буйных працэсах.

Юрыст Сяргей Зікрацкі / фэйсбук

Еўрарадыё: Чаму ўзнікла неабходнасць знішчаць індывідуальную адвакацкую дзейнасць?

Сяргей Зікрацкі: На мой погляд, гэта паказвае, што дзяржава прызнала тое, што калегія адвакатаў не ў стане кантраляваць дзейнасць прыватнікаў і адвакацкіх бюро. Таму вырашыла падпарадкаваць сабе гэта ўсё праз юрыдычныя кансультацыі. Паколькі юрыдычныя кансультацыі можна больш лёгка кантраляваць, бо там ёсць загадчыкі, якія ўзгадняюцца з Міністэрствам юстыцыі, таму, адпаведна, лягчэй уплываць на адвакатаў пры ажыццяўленні імі сваёй адвакацкай дзейнасці.

Еўрарадыё: Такім чынам, цяпер, калі над кожным адвакатам будзе стаяць загадчык, ухвалены ўладамі, хутчэй за ўсё, можна быць упэўненым, што пра тваю асабістую справу будуць ведаць “наверсе”?

Сяргей Зікрацкі: Гэта не так. Адвакацкую таямніцу ніхто не скасоўваў, яна застаецца. Але напэўна ў любым выпадку ёсць механізмы ўздзеяння на адвакатаў праз загадчыка  юрыдычнай кансультацыі.

“Адвакатура не будзе цалкам незалежным інстытутам”

Сяргей Зікрацкі / фота Аляксандра Васюковіча

Еўрарадыё: Што дакладна маецца на ўвазе пад “спрошчаным парадкам” для былых суддзяў, следчых і іншых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія захочуць стаць адвакатамі?

Сяргей Зікрацкі: Гэта норма, якая асабіста ў мяне выклікала вялікае абурэнне. Калі звычайныя грамадзяне, якія жадаюць быць адвакатамі, мусяць прайсці шасцімесячную стажыроўку і потым здаць паўнавартасны іспыт, то гэтыя [вышэйзгаданая катэгорыя супрацоўнікаў. — Еўрарадыё] будуць праходзіць толькі трохмесячную стажыроўку, а замест іспыту яны будуць здаваць сумоўе.

Еўрарадыё: Чаму гэта мера была прынятая ў дачыненні толькі да асобнай катэгорыі грамадзян?

Сяргей Зікрацкі: На мой погляд, гэта робіцца дзеля таго, каб хутка запоўніць былымі пракурорскімі, судовымі і следчымі супрацоўнікамі той вакуум у адвакатуры, які будзе пасля таго, як адтуль сыдзе шмат адвакатаў. На мой погляд, адвакатура пасля гэтага не будзе цалкам незалежным інстытутам.

Я амаль што ўпэўнены, што шмат хто з адвакатаў сыдзе, таму што гэты праект закона быў вядомы на працягу апошняга месяца. Гэты праект абмяркоўваўся сярод адвакатаў, і я бачыў гэтыя дыскусіі ў адвакацім асяроддзі, чуў шмат ад каго, што яны не будуць захоўваць статус адваката і сыдуць з адвакатуры, калі гэты закон будзе прыняты ў тым выглядзе, у якім ён быў. Гледзячы па сённяшніх навінах, бачна, што гэта якраз-такі самая апошняя, самая дрэнная рэдакцыя гэтага закона. Таму мой прагноз, што на працягу шасці месяцаў мы пабачым масавы адток адвакатаў з адвакатуры. Гэты адток будзе запаўняцца тымі, хто будзе гатовы працаваць на гэтых умовах. Напрыклад, студэнты, якіх можна будзе прымаць без трохгадовага стажу, як гэта было раней. Ну і былыя пракурорскія, судовыя і следчыя супрацоўнікі.

Адвакат Зікрацкі з яшчэ дзейнай ліцэнзіяй / фэйсбук

На абмеркаванне законапраекта далі суткі

Еўрарадыё: А ўлады цікавіліся меркаваннем тых, каго гэты закон непасрэдна датычыцца, — меркаваннем адвакатаў?

Сяргей Зікрацкі: Абмеркавання ў тым выглядзе, у якім бы нам хацелася, не было. Мы ведаем, што гэтыя праекты яшчэ ў лютым дасылалі ў БРКА [Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў. — Еўрарадыё], але БРКА не падзялілася імі з адвакатамі, і адвакаты фактычна даведаліся аб гэтым законапраекце, калі ён быў апублікаваны у канале Антона Матолькі. Нам далі магчымасць афіцыйна выказаць свае прапановы, калі БРКА даслала ліст і папрасіла на працягу сутак даслаць свае прапановы па гэтым законапраекце, калі ён ужо быў апублікаваны ў Матолькі. Калі гэта можна назваць абмеркаваннем, то тады так, яно было. Але гэта не такое абмеркаванне, якое б мы хацелі. Яно непаўнавартаснае. Сабралі думкі, а што там далей — невядома.

Еўрарадыё: Увогуле гэты законапраект цалкам адмоўны ці ёсць і пазітыўны бок?

Сяргей Зікрацкі: Ён адмоўны ў тых нормах, якія ён змяшчае. Я наўрад ці скажу, што там ёсць хоць адна пазітыўная норма. Станоўчы ён толькі ў тым, што прыняццем гэтага закона дзяржава фактычна падсумавала, што тое, што рабілі адвакаты на працягу апошніх васьмі-дзевяці месяцаў, — гэта было класна, эфектыўна і прыносіла карысць для грамадзян і вялікую небяспеку для дзяржавы. Таму асабіста я ўспрымаю прыняцце гэтага закона як знак таго, што адвакаты крута працавалі ўвесь гэты час.


Сяргей Зікрацкі быў абаронцам журналістак “Белсата”, палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, асуджаных за рэпартаж з Плошчы Перамен. Таксама ён прадстаўляў інтарэсы фігурантаў “справы Прэс-клуба”. У сакавіку 2021-га Сяргей не прайшоў пазачарговую пераатэстацыю Мінюста і пазбавіўся адвакацкай ліцэнзіі, а крыху пазней яго выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі