Па справе Кардынацыйнай Рады больш за 100 падазраваных — Следчы камітэт

28/11/2023 - 11:44

СК сцвярджае, што атрымаў спіс сябраў КР  / pixabay.com

Па справе Кардынацыйнай рады — больш за 100 падазраваных, паведамляе Следчы камітэт РБ. Сцвярджаецца, што СК разам з МУС праводзяць "следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на збор доказаў злачыннай дзейнасці, якая вялася ў 2020 годзе лідарамі радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі". Па версіі следства, яны "кансалідаваліся" ў Каардынацыйную раду і рабілі "актыўныя спробы па захопе дзяржаўнай улады".

Так Следчы камітэт пракаментаваў хвалю ператрусаў, якія 28 лістапада праходзяць у Беларусі. Сілавікі прыйшлі па месцы колішняга жыхарства Паўла Латушкі, Юрася Губарэвіча, Артура Фінькевіча, Сяргея Чалага ды іншых. Маёмасць падазраваных у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" і "ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання" збіраюцца арыштаваць.

Каардынацыйная Рада была створана ў жніўні 2020-га ў Беларусі падчас масавых пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. З-за рэпрэсій яна вымушана была перанесці сваю дзейнасць за мяжу, правяла рэарганізацыю структуры.

СК сцвярджае, што спіс сябраў КР нібыта прадставіў беларус, які вярнуўся ў РБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі