Па "карагоднай справе" экс-следчага асудзілі на 1,5 года калоніі

17/03/2022 - 07:47

У Брэсце працягваюцца суды па "карагоднай справе", паведамляюць праваабаонцы. 

16 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна горада суддзя Марына Скалковіч вынесла прысуды яшчэ двум фігурантам справы. Палітзняволены экс-следчы Аляксандр Антанюк асуджаны на 1,5 года калоніі, Руслан Гачынскі — на 2 гады "хатняй хіміі".

Да ліпеня 2020-га Антанюк працаваў следчым, прычыны яго звальнення невядомыя. Яго затрымалі 2 лістапада 2021 года і пасадзілі ў брэсцкае СІЗА. Да суда мужчына быў пад вартай.

Руслана Гачынскага пачалі судзіць у лістападзе з дзясятай групай "карагоднікаў". Яго судзілі разам з жонкай Вольгай Гачынскай, але мужчына захварэў, таму яго справу адклалі. Вольгу асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". Цяпер такі ж тэрмін атрымаў і Руслан, які на судзе прызнаў сваю віну.

Былы следчы Антанюк сваю віну не прызнаў. Абвінавачанне прадаставіла фота ўдзельніка акцыі ў акулярах і масцы. Але экспертыза заявіла: сцвярджаць, што на фота Аляксандр Антанюк можна з верагоднасцю 16,5%.

Таксама пракурорка на судзе далучыла да матэрыялаў справы даныя мабільнага аператара: паводле іх, "13.09.2020 да 15:30 тэлефон Антанюка рухаўся ў тых жа раёнах, што і калона пратэстоўцаў". А потым з 15:30 да 18:00 яго тэлефон быў выключаны. Брэсцкія праваабаронцы адзначаюць, што ў 15:30 пратэстоўцы толькі збіраліся каля помніка 1000-годдзю Брэста, а выхад на праезную частуу адбыўся ў прамежку з 16:40 да 17:35.

"Карагодная справа" — самы масавы судовы працэс у Беларусі супраць пратэстоўцаў. 13 верасня 2020 года падчас акцыі пратэсту людзі выйшлі на скрыжаванне бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Там яны танчылі, вадзілі карагоды, спявалі песні. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам.

Па "карагоднай справе" ўжо асудзілі 116 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі