Новым ГЦ у Віцебску будзе кіраваць прадпрымальнік, пры якім згарэў папярэдні ГЦ

25/08/2026 - 17:40

Запланаваны выгляд ГЦ у Віцебску / канал VITEBSK_GIK у Тэлеграме

Новы гандлёвы цэнтр у Віцебску на месцы згарэлага ГЦ "Беларусь" пачнуць будаваць увесну 2027-га. Кіраваць ім будзе той самы віцебскі прадпрымальнік Віктар Вялюга, пры якім адбыўся пажар у снежні 2024 года, заўважыла "Віцебская Вясна".

Тады спецыялісты выказвалі меркаванне, што прычынай пажару магла стаць пераробленая электраправодка. Аднак публічна вынікі расследавання і крымінальнай справы не паведамляліся. Не гаварылася і пра тое, ці пакаралі вінаватых. У прыватнасці, не была акрэсленая адказнасць Віктара Вялюгі — уласніка кампаніі "МегаЕўратэкс", у структуру якой уваходзіла "Беларусь". 

Падчас пажару з ГЦ  былі эвакуяваныя каля 200 чалавек. Два дзясяткі пацярпелых былі шпіталізаваныя. Пасля гэтага МНС правяла праверку іншых гандлёвых аб’ектаў, якія належалі Віктару Вялюгу, і выявіла некалькі соцень парушэнняў.

Вялюгу пасля пажару ў "Беларусі" затрымалі: афіцыйныя СМІ паказвалі яго ў кайданках. Яшчэ праз паўтара месяца яго судзілі, але не ў сувязі з пажарам, а за "распаўсюд экстрэмізму".

Цяпер прадпрымальнік будзе кіраваць ужо новым гандлёвым цэнтрам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі