Будучыня не за гарамі
Брытанцы абмяркоўваюць знікненне прынцэсы Кейт Мідлтан. Амерыканцы актыўна набліжаюць эпоху кіберпанка. Французы чакаюць сканчэння рэстаўрацыі сабора Парыжскай Божай Маці, а ізраільскія навукоўцы дазналіся, што гараджане паступова страчваюць магчымасць ператраўляць клятчатку. Пра ўсё згаданае ў нашай традыцыйнай рубрыцы — “Іх норавы”.
У ненавіснікаў есці моркву, брокалі ці каляровую капусту, нарэшце з’явіўся моцны аргумент, каб абраць сабе больш смачны сняданак.
Справа ў тым, што група даследчыкаў з Універсітэта Бэн-Гурыёна ў Негеве (BGU) у Ізраілі выявіла зніжэнне колькасці бактэрый, якія разбураюць цэлюлозу, у мікрабіёме кішэчніка чалавека. І больш за ўсё пакуютуюць на гэта людзі ў прамыслова развітых грамадствах. Свой даклад навукоўцы апублікавалі ў часопісе Science.
Кішачная бактэрыя пад назвай Ruminococcus, якая дапамагае пераварваць клятчатку, рэдкі госць у страўніках людзей ва ўрбанізаваных раёнах.
“Раскласці цэлюлозу няпроста, нешматлікія бактэрыі могуць гэта зрабіць”, — сказаў у заяве Эдвард Баер, прафесар з Інстытута Вейцмана ў Ізраілі і суаўтар даследавання.
Згодна з новым эвалюцыйным аналізам, тое, як мы жывем і харчуемся ў прамыслова развітых грамадствах, магло паўплываць на тое, як мы расшчапляем клятчатку ў кішэчніку.
Каб павялічыць спажыванне клятчаткі, вы можаце замяніць рафінаванае зерне, такое як белы хлеб і макароны, на іх аналагі з цэльнай пшаніцы: карычневы рыс, кіноа і авёс.
Адна з самых запатрабаваных турыстычных славутасцяў Парыжа паступова вяртаецца да жыцця пасля разбуральнага пажару, які адбыўся ў красавіку 2019 года. У полымі сабор Парыжскай Божай Маці тады страціў дах і шпіль.
Euronews прапануе паглядзець, як рамантавалі згарэлы сабор:
З тых часоў Нотр-Дам прайшоў 5-гадовую рэстаўрацыю, якая мела шмат узлётаў і падзенняў ад затрымак падчас пандэміі да сыходу лідара праекта. Але цяпер працу плануюць завяршыць да канца 2024 года.
Чуткі аб здароўі брытанскай прынцэсы і яе месцазнаходжанні выйшлі на сапраўды касмічныя маштабы папулярнасці. Усё пачалося дзесяць дзён таму, як Кенсінгтонскі палац апублікаваў фотаздымак Кэйт Мідлтан з дзецьмі, і пазней прызнаў, што выява была мэтанакіравана адфаташопленая.
Кампанія Ілана Маска Neuralink, якая распрацоўвае нейрачыпы для ўжыўлення ў мозг, прадэманстравала, як яе першы пацыент Ноланд Арбо з дапамогай такога імплантата гуляе ў шахматы. У дзевяціхвіліннай прамой трансляцыі ў сацсетцы X мужчына практычна высілкамі думкі рухаў на экране курсор.
Ноланд Арбо быў паралізаваны ніжэй плячэй, няўдала нырнуўшы, і ў студзені яму ўжывілі чып.
"Аперацыя прайшла вельмі лёгка", — расказаў ён на прэзентацыі. Па словах Арбо, з дапамогай ужыўленага чыпа ён змог восем гадзін запар гуляць на кампутары ў Civilization VI.
Мэта кампаніі Neuralink — злучыць чалавечы мозг з кампутарамі, каб дапамагчы справіцца са складанымі неўралагічнымі захворваннямі.
Распрацаваная кампаніяй прылада памерам з манету імплантуецца ў чэрап. З дапамогай мікраскапічных правадоў яна можа счытваць актыўнасць нейронаў і перадаваць бесправадны сігнал, які прымае кампутар.
Neuralink, а таксама ўсё больш іншых кампаній і ўніверсітэцкіх факультэтаў, спрабуе ўдасканаліць і ў канчатковым выніку камерцыялізаваць гэтую тэхналогію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут