Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч сёння выклікаюць у Следчы камітэт

26/08/2020 - 07:15

Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч на 26 жніўня выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі па "Справе Каардынацыйнай рады". 72-гадовая пісьменніца ўваходзіць у прэзідыюм КР, але не прымае ўдзелу ў яе пасяджэннях па стане здароўя.

Алексіевіч пракаментавала, што абавязкова прыйдзе ў Следчы камітэт. Яна мусіць там з'явіцца а 14-й.

Пра крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады, створанай па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай для паслявыбарчага дыялога з уладай, стала вядома 20 жніўня. Генпракурор Аляксандр Канюк заявіў, што дзейнасць рады была накіраваная "на захоп дзяржаўнай улады" (арт. 361 КК). Сцвярджаецца, што гэтая структура мела на мэце "нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь". Раней у гэтым раду абвінаваціў Аляксандр Лукашэнка.

Справу да вытворчасці прыняло Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Там ужо пабывалі на допытах сябры прэзідыюма рады Максім Знак, Павел Латушка, Сяргей Дылеўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі