Невядомыя апаганілі магілу нямецкага філосафа Карла Маркса на Хайгейцкіх могілках у Лондане. Звесткі пра акт вандалізму з'явіліся ў афіцыйным Твітар-акаўнце могілак.
"Магіла Маркса была апаганеная! Яна выглядае так, як быццам хтосьці прайшоўся па ёй малатком... Мы прывядзем у парадак як мага хутчэй", — гаворыцца ў допісе.
Кіраўнік фонду Friends of Highgate Cemetery Іэн Дангвел лічыць акцыю палітычнай. "Мы думаем, што гэта была акцыя менавіта супраць Карла Маркса. Гэта не выпадковасць. На фота вы бачыце, што нападнікі з усяе моцы імкнуліся сцерці імя Карла Маркса", — прыводзіць Бі-Бі-Сі ягоныя словы.
Паліцыя Лондана, агледзеўшы пашкоджанні, зачыніла расследаванне да з'яўлення новых звестак.