Абітурыент / theorem.by
— Я ў жаху ад прыёмнай кампаніі гэтага года... Дзеці з баламі атэстата 7–8 не могуць паступіць на сярэднюю спецыяльную адукацыю і ідуць у ПТВ. Хаця 6–7 — гэта добры, вышэйшы за сярэдні вынік, па-старому — харашыст.
Эмацыйны пост у Threads ад адной беларускі запусціў лавіну абмеркаванняў.
Прыёмная кампанія 2026 года агаліла глыбокі сістэмны крызіс у беларускай адукацыі. Аказалася, што ўчарашнія “харашысты” і нават выдатнікі раптам сталі “лішнімі людзьмі”. Падлеткі з нядрэннымі атэстатамі не могуць прабіцца ні ў каледжы, ні ў дзясятыя класы родных школ.
— А мы з 7,5 ледзь знайшлі школу, каб узялі ў 10-ы клас, — дзеліцца сваім болем яшчэ адна мама. — Аб’ехала ўвесь горад. Прайшла праз прыніжэнне і грубасць, як быццам я закончанага двоечніка ўладкоўваю!
Яшчэ адна мама піша пра паступленне сына:
— Ура, мой старэйшы сын з атэстатам 7,9 пасля гімназіі паступіў у каледж. І ён, на хвілінку, 61-ы з 88 усяго на набор. Вы лічыце, гэта нармальна? Пайсці на ўзровень ПТВ з такім нядрэнным балам?
Тыя, хто не спраўляецца з ціскам і адсейваннем, ломяцца псіхалагічна. Адна дзяўчына ўспамінае свой досвед:
— Не паступіла ў свой час з 8,9... У роспачы была, жыць страшэнна не хацелася, два гады праляжала ў дэпрэсіі.
Пра тое, як сярэдні бал ператварыўся ў карны інструмент, а сістэма ломіць дзяцей на парозе дарослага жыцця, Еўрарадыё пагаварыла з настаўніцай Таццянай Крапіневіч.
Сёння сярэдні бал атэстата вызначае лёс выпускніка 9-га класа: у папулярныя каледжы залічэнне ідзе выключна па конкурсе дакументаў, без дадатковых экзаменаў. Але педагогі папярэджваюць: гэты паказчык даўно стаў фікцыяй.
— Як можна меркаваць пра нейкі талент ці прызванне па сярэднім бале? Гэта сярэдняя тэмпература па бальніцы, — тлумачыць Таццяна Крапіневіч. — У дзіцяці можа быць 9 па фізкультуры і 6 па матэматыцы — і вось ужо сярэдні бал выглядае нядрэнна. Сама наша сістэма адукацыі нацэлена хутчэй на атрыманне адзнакі, чым на рэальныя веды. Адзнака правакуе працаваць выключна дзеля адзнакі.
Такі падыход прыводзіць да абсурдных перакосаў, калі адоранае ў матэматыцы ці фізіцы дзіця праз “шасцёркі” па той жа фізкультуры аказваецца ў агульным рэйтынгу ніжэй за тых, каму адзнакі завышаюць, напрыклад, за старанныя паводзіны.
Чаму ж прахадныя балы ў каледжы ўзляцелі да нябёсаў, выціскаючы дзяцей з баламі 7–8 за межы бюджэту? Паводле Таццяны Крапіневіч, прычына — у дзяржаўнай палітыцы размеркавання месцаў.
— Спачатку ідуць мэтавікі, потым медалісты, сіроты. Часта на бюджэце звычайным дзецям месцаў проста не застаецца, — расказвае педагог. — Адсюль і з’яўляецца гэты вар’яцка высокі прахадны бал.
Пры гэтым сістэма размеркавання працуе не ў інтарэсах дзяцей, а падпарадкоўваецца жорсткаму дзяржзаказу. Школам зверху спускаюць негалосныя планы па вярбоўцы выпускнікоў.
— Ёсць негалосная рэкамендацыя — абавязкова даць мэтавікоў са сваёй школы, скіраваць дзяцей на тыя спецыяльнасці, якія патрэбны дзяржаве, — кажа Таццяна. — Найперш гэта інжынеры, педагогі і аграрыі.
Драматычная гісторыя развіваецца паралельна і ў саміх школах. Бацькі скардзяцца, што адміністрацыя ўсімі сіламі выпіхвае дзяцей пасля 9-га класа на вуліцу.
— У школу ў 10-ы таксама не хочуць дзяцей вяртаць з балам ніжэйшым за 7. Там таксама такі трэш неперадавальны. Самі з гэтым сутыкнуліся, — піша адна мама ў сацсетках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут