Непаўналетняй дзяўчыне пагражалі крымінальнай справай за каментар для "Белсата"

03/08/2017 - 20:05

Непаўналетняй жыхарцы Ваўкавыска міліцыя пагражала крымінальнай справай за каментар для тэлеканала "Белсат". Пра гэты выпадак паведамляе праваабарончы сайт "Вясна"

Да праваабаронцаў звярнуўся яе бацька Васіль Валашчук. Па яго словах, 13 ліпеня на хатні нумар затэлефанаваў супрацоўнік Маскоўскага РУУС Мінска, які назваўся Андрэем Менцам. Да тэлефону падыйшла маці дзяўчыны і стала размаўляць з міліцыянтам праз гучную сувязь. Падчас размовы Менц заявіў, што на дачку пачалі крымінальную справу за тое, што яна 3 ліпеня знаходзілася на несанкцыянаваным мітынгу ў Мінску і ў каментары тэлеканалу "Белсат" выказалася супраць цяперашняй улады.

Міліцыянт запатрабаваў, каб дзяўчына на працягу трох дзён з'явілася ў Мінск для дачы тлумачэнняў наконт каментара на "Белсаце". Акрамя таго ён прыгразіў штрафам у памеры да 20 мільёнаў рублёў.

Дзяўчына, пачуўшы пагрозы на свой адрас, страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Сам Валашчук у гэты час знаходзіўся за мяжой. Яму на мабільны нумар прыйшло смс-паведамленне: “Дзе ваша дачка? Гэта з міліцыі”. Мужчына вельмі расхваляваўся, бо не ведаў прычыны паведамлення. Ён нават тэлефанаваў на нумар, з якога прыйшла эсэмэска, але слухаўку ніхто не здымаў. Тады Валашчук тэрмінова вярнуўся ў Ваўкавыск, пры гэтым згубіўшы працу.

У Мінск дзяўчына і яе родныя на размовы не паехалі, а матэрыялы справы міліцыянты перадалі ў Ваўкавыскі РУУС.

2 жніўня камісія па справах непаўналетніх разгледзела адміністрацыйную справу на дачку Валашчука і вынесла ёй папярэджанне. 

Цяпер Васіль Валашчук з дапамогай праваабаронцаў напісаў заяву кіраўніцтву РУУС Маскоўскага раёна Мінска. Ён просіць праверыць Андрэя Менца на прадмет некарэктнага звароту і пагроз на адрас яго блізкіх, у выніку чаго пагоршыўся стан здароўя яго непаўналетняй дачкі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі