"Не здрадзіць у крытычны момант". Навошта Лукашэнку генерал у яго Адміністрацыі?

28/09/2026 - 14:44

Навошта вайсковец у грамадзянскай адміністрацыі? / ctv.by

— Людзі з вайсковым мінулым застаюцца побач з Лукашэнкам. І гэта таксама можна разглядаць як пэўную частку мілітарызацыі Беларусі. Гэта значыць, умоўна замест дасведчанага, кваліфікаванага чалавека з вялікімі ведамі прызначаюць чалавека з вайсковым вопытам і вельмі спецыфічнымі ведамі, — каментуе кадравае прызначэнне генерала Паўла Муравейкі ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар.

Павел Муравейка, які раней узначальваў Генеральны штаб і запомніўся вельмі мілітарысцкімі выказваннямі пра напад на Літву і ўжыванне ядзернай зброі па Украіне, перайшоў на грамадзянскую працу.

Еўрарадыё для праграмы "Сэнсы дня" спытала ўдзельніка BELPOL, з чым звязана такое прызначэнне і чаму.

— У асноўным гэта, вядома ж, адданасць і вернасць Лукашэнку. Хаця, у цэлым, мы разумеем, што гэта даволі стандартная працэдура, якая заключаецца ў прасоўванні людзей з вайсковым мінулым на такія адміністрацыйныя пасады.

Але Лукашэнку цяпер такія людзі патрэбныя. На ўсіх гэтых пазіцыях. Калі мы бачым прызначэнне нейкіх былых вайскоўцаў — гэта, у тым ліку, можна разглядаць як асобнае звяно мілітарызацыі Беларусі, — лічыць Жыгар.

Пры гэтым ён звяртае ўвагу на яго ўзрост і звязаную з гэтым спецыфіку перамяшчэння па кар'ернай лесвіцы.

— Ён прайшоў праз многія пасады ў сістэме Міністэрства абароны. Таму тое, што цяпер яго прызначаюць, звязана перш за ўсё з тым, што ён дасягнуў узросту 55 гадоў.

І каб гэты чалавек, які, у цэлым, верай і праўдай служыў рэжыму, не адышоў далёка, каб яго веды і ўменні, якія так патрэбны рэжыму, не зніклі, яго прызначаюць на такую пасаду.

Мы ўсе выдатна разумеем, што ён будзе проста выконваць тое, што загадае Лукашэнка. Гэта значыць, ніякай самадзейнасці або самастойнасці ў яго няма. Ён абсалютная частка сістэмы і будзе рабіць тое, што неабходна самой гэтай сістэме, — сцвярджае прадстаўнік BELPOL.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі