"Не — вайне!": у Мінску каля ўчасткаў для галасавання збіраюцца людзі

27/02/2022 - 11:55
Беларусы выходзяць на вуліцы, каб выказацца супраць вайны з Украінай / Еўрарадыё

У Мінску на ўчастках для галасавання збіраюцца людзі. Яны пратэстуюць супраць вайны, у якой Расія напала на Украіну, і ў якой, як пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, за расійскі бок выступае і беларускае войска.

Дэмакратычныя сілы заклікалі беларусаў выйсці а 14:00 па Мінску да ўчасткаў для галасавання (а сёння ў Беларусі праходзіў рэферэндум па змяненні Канстытуцыі) і прагаласаваць. З розных гарадоў прыходзяць паведамленні аб тым, што на ўчастках вялікія чэргі, а каля будынкаў, дзе можна прагаласаваць, — шмат людзей. Яны скандуюць "Не — вайне".

У шмат якія месцы ўжо прыбыў АМАП. Людзі не разбягаюцца. Паведамляецца пра затрыманні па ўсёй Беларусі. Ужо вядома пра затрыманых каля выбарчых участкаў у Мінску, Баранавічах, Докшыцах, Гродне, Магілёве і іншых гарадах. 

27 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў і заклікаў нашу краіну "быць Беларуссю, а не Расіяй". Сённяшнія акцыі пратэсту каля ўчасткаў для галасавання паказваюць, што беларусы не хочуць вайны з Украінай, і што нават ва ўмовах татальных рэпрэсій, якія працягваюцца паўтара гады, падтрымліваюць украінцаў.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі