“Беларусьфільм” зноў возьмецца за Караткевіча / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У канцы красавіка “Беларусьфільм” пачаў здымкі праекта “Чорны замак” — другой па ліку экранізацыі “Чорнага замка Альшанскага”, апошняга вялікага рамана ў творчасці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Ну, здымуць і здымуць, вось дык навіна! Сапраўды, падзея засталася б цалкам незаўважнай, калі б не напружаны грамадска-палітычны кантэкст, у якім цяпер жыве краіна. Пакуль улада з дапамогай прарасійскіх актывістаў-блогераў выкарчоўвае з публічнай прасторы любыя праявы нацыянальнай культуры і мовы, галоўная кінастудыя краіны запускае ў вытворчасць кіно паводле кнігі аўтара, якога сёння дакладна б назвалі нядобранадзейным.
У першую чаргу — праз яго творчасць, у якой пільная ўвага надаецца падзеям несавецкай гісторыі Беларусі. Пікантнасці дадаюць і абставіны: апошнія праекты “Беларусьфільма” на аналагічную гістарычную тэматыку — “Авантуры Пранціша Вырвіча” і “Купала” — так і не трапілі на экраны праз цэнзуру, бо ў іх удзельнічалі акторы, якія адкрыта выступілі супраць гвалту і катаванняў у 2020 годзе.
Дык навошта “Беларусьфільм” запусціў “Чорны замак”? Пра што раскажа праект, хто яго стварае і якой якасці кіно можа чакаць гледача? Якія задачы ўлада хоча вырашыць з яго дапамогай? Еўрарадыё спрабуе даць грунтоўныя адказы на гэтыя пытанні.
У грамадскай свядомасці частка твораў Караткевіча моцна асацыюецца з забаўляльным літаратурным жанрам “гістарычны дэтэктыў”, да якога, як лічаць філолагі, ён першым з беларускіх пісьменнікаў і звярнуўся. У ім звычайна сапраўдныя факты і персанажы суседнічаюць з выдуманымі, а крымінальная гісторыя і яе расследаванне з’яўляюцца асноўным рухавіком сюжэта.
У гэтым плане “Чорны замак Альшанскі” — тыповы ўзор жанру, дзе аўтар расказвае пра прыгоды ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і гісторыка Антона Косміча, які ў БССР 60-х гадоў з дапамогай выпадкова знойдзенай старажытнай кнігі спрабуе адшукаць скарб у разбураным замку.
А багацце там у XVII стагоддзі схаваў вераломны князь Альшанскі, падмануўшы паўстанцаў і скраўшы іх казну. Яго не менш каварныя нашчадкі ўжо не першае стагоддзе, у тым ліку падчас нямецкай акупацыі, спрабуюць гэтае багацце адшукаць. З імі якраз і давядзецца сутыкнуцца Космічу, які размотвае клубок сівой легенды.
Пагадзіцеся, нават кароткае апісанне рамана Караткевіча гучыць захапляльна, чымсьці нагадваючы кінаўвасабленне кніг Дэна Браўна (“Код да Вінчы”, “Анёлы і дэманы”, “Інферна”) ці папулярную прыгодніцкую дылогію нулявых гадоў “Скарб нацыі”.
Цікава, што ў пачатку 2010-х прыватная студыя “Першая Кінавідэакампанія” зняла вельмі падобны на кнігу Караткевіча праект — мінісерыял “Сляды апосталаў” у пастаноўцы Сяргея Талыбава. Там таксама падзеі развіваюцца ў некалькіх пластах часу, замест Альшанаў фігуруе Нясвіжскі замак, у якім шукаюць скарбы ў выглядзе залатых фігур-апосталаў. Нядаўна быў створаны працяг серыяла, але калі з’явіцца праект (і ці з’явіцца ўвогуле), пакуль не вядома.
Жаданне перазняць кнігу з прыцэлам ужо не на тэлебачанне, а на кінатэатральны экран з’явілася ў чыноўнікаў у пачатку мінулага года. Пра гэта на лютаўскай выніковай калегіі Мінкульта расказаў гендырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі, але дэталі праекта сталі вядомымі нядаўна — у сакавіку.
Высветлілася, што правы на экранізацыю рамана кінастудыя выкупіла больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы Караткевіча. Сцэнар паводле матываў першакрыніцы напісаў беларускі прадзюсар Глеб Шпрыгаў. А за рэалізацыю ўзяўся расійскі рэжысёр Кірыл Кузін.
Здымаць фільм будуць у Беларусі ў трох дзясятках лакацый: у касцёле святой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзібе Чапскіх у Прылуках, Мірскім замку і іншых помніках архітэктуры. Хто з актораў удзельнічае ў праекце, пакуль не агучвалася. Завяршыць здымкі плануюць да пачатку ліпеня 2023 года.
Упэўнена адказаць на важныя пытанні наконт праекта не атрымаецца, бо запас афіцыйных фактаў пра яго мы вычарпалі. Цяпер час звярнуцца да разваг і тэорый.
Пачнём з простага: навошта “Беларусьфільму” спатрэбілася новая экранізацыя, калі адна ўжо была? Дзяржкінастудыя, як і ўвесь дзяржапарат, усімі фібрамі душы хоча давесці ўладзе, што мае права на існаванне. Сітуацыя цяпер няпростая — ідзе расправа над нелаяльнымі працоўнымі кадрамі, фінансавання не хапае, а важнасць дэманстраваць патрэбна. І з гэтым у “Беларусьфільма” адчувальныя праблемы — прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка яшчэ ў 2021 годзе чакаў ад дзяржкінастудыі блакбастара, а ў 2022 годзе падчас наведвання яе офіса нагадаў, што ўрад ад кінематаграфістаў “чакае прарыву”.
У творы хапае момантаў, якімі хутчэй за ўсё скарыстаюцца дзяржаўныя ідэолагі.
— Нацыянальную ідэю сапраўды вельмі проста прыхаваць, як тое рабілі ў савецкія часы, — працягвае Дзяніс Марціновіч. — Тым больш, там ідзе гаворка пра міліцыянтаў. Адам Мальдзіс, сябра Караткевіча, расказваў, што ў пісьменніка былі добрыя знаёмыя ў сілавым ведамстве ў тыя часы, і ён іх станоўчым чынам адлюстраваў у творы. А цяпер гэта класная магчымасць паказаць ужо беларускіх сілавікоў, паспрабаваць аднавіць іх імідж у грамадстве. Плюс адмоўныя героі рамана супрацоўнічаюць з нацыстамі — і гэта таксама ідэальна кладзецца на праўладны наратыў пра генацыд беларусаў і ўвесь сюжэт са злачынствамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, на чым улада робіць відавочны акцэнт. То бок прапагандзе ёсць дзе разгуляцца. Не абавязкова так і будзе, гэта толькі тэорыя, але ўвасабленне такіх магчымасцяў выглядае вельмі імавернымі.
Як мы ўжо згадалі, у “Беларусьфільма” ёсць багаты вопыт стварэння (псеўда)гістарычнага кіно без нацыянальнага каларыту і пазначэння дакладнай гістарычнай эпохі, як той жа прыгодніцкі кінараман “Авантуры Пранціша Вырвіча”. У “Беларусьфільма” тут вельмі зручная пазіцыя: з аднаго боку, студыя робіць праект паводле кнігі пісьменніка, якога ведае большасць беларусаў, з другога — задавольвае патрабаванне ўладаў, робячы ідэалагічна вернае кіно, якое потым можна прадаць у Расію ў кінапракат ці на стрымінг-сэрвісы. Ва ўмовах кантэнтнага голаду, які пачаўся праз вайну, усходнія суседзі такому праекту ад хаўрусніка па вайне будуць толькі радыя.
Таму, шчыра кажучы, бог яго ведае, што атрымаецца. Але крэдыт даверу невысокі, і яго яшчэ больш зніжаюць факты з творчай біяграфіі стваральнікаў “Чорнага замка”, якія не могуць пахваліцца сапраўды моцнымі мастацкімі праектамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут