Наведнік мінскай крамы зарэзаў сваю спадарожніцу (вельмі жорсткае відэа)

24/03/2016 - 09:39

Па гарачых слядах затрымалі міліцыянты 41-гадовага раней судзімага мінчука, які нанёс удар нажом жанчыне ў краме.

Паводле інфармацыі прэс-службы мінскай міліцыі, здарэнне адбылося ў краме спіртных напояў па вуліцы Громава. Туды зайшлі мужчына і жанчына, якія доўга выбіралі, што купіць. Па словах прадавачкі, мужчына быў заўважна п'яны, а ў яго спадарожніцы на твары былі відаць сляды пабояў.

Прадавачцы падалося, што жанчына не збіралася нічога набываць, а хацела ёй нешта сказаць. Магчыма, папрасіць дапамогі. Заўважыўшы гэта, мужчына знянацку ўдарыў жанчыну нажом у спіну і выйшаў з крамы. Яго спадарожніца засталася ляжаць на падлозе ў лужыне крыві.

Прадаўцы выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі мужчыну праз 10 хвілінаў. Пры затрыманні ён не супраціўляўся. Даведаўшыся, што жанчына атрымала сур'ёзную рану, прызнаўся ў зробленым і заявіў, што не хацеў цяжкіх наступстваў.

У лякарні ў пацярпелай дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, колата-рэзаную рану паяснічнай вобласці злева з пашкоджаннем міжрабрыннай артэрыі, скразным раненнем аорты, закрытую траўму жывата і разрыў правай долі печані. Медыкі некалькі дзён змагаліся за жыццё жанчыны, але выратаваць яе не змаглі.

Падчас расследавання выявілася, што жанчына і мужчына жылі разам. Мужчына раней неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама за пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці. Яго не толькі пазбаўлялі волі, але і ўжывалі прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. На момант гэтага злачынства мужчына ўхіляўся ад выплаты аліментаў за сваё непаўнагадовае дзіця.

Цяпер на яго пачалі крымінальную справу. Расследаванне працягваецца. Прызначаны шэраг экспертыз.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі