Кран, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Маштабная камунальная аварыя адбылася ў горадзе Новалукомлі ў Чашніцкім раёне. Ад вечара 2 сакавіка гараджане засталіся без вады.
Паведамленне пра адключэнне вады паступіла ў 20:27. Як піша мясцовая раёнка, прычынай стаў збой абсталявання: выйшлі з ладу дзве з пяці артэзіянскіх свідравін.
Спецыялісты працавалі над ліквідацыяй аварыі 2 сакавіка і працягваюць рамонтныя работы сёння. Намеснік дырэктара па арганізацыйна-тэхнічных пытаннях філіяла "Лепельводаканал" Сяргей Жарнасек заявіў, што задзейнічаныя ўсе рэсурсы Чашнікаў і Новалукомля. Дадатковую дапамогу аказваюць спецыялісты і тэхніка з Лепеля, Оршы і Віцебска.
Гараджанам, як паведамляецца, арганізаваны падвоз вады.
Па іроніі, сёння ў Чашніцкі раён прыехаў правесці планавы прыём міністр ЖКГ Генадзь Трубіла. На прыём да яго, як паведамляецца, запісаліся толькі чатыры чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут