Наталля Эйсмант — РБК: затрыманыя даюць паказанні супраць Бабарыкі

14/06/2020 - 09:03
Наталля Эйсмант / БЕЛТА

"Чалавек, у якога вы бралі інтэрв'ю, можа быць, не ведае, што ўсе яны [затрыманыя па справе" Белгазпрамбанка. — Еўрарадыё] даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку і супраць яго", — так прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі пракаментавала РБК інтэрв'ю Віктара Бабарыкі. У ім прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі і былы банкір назваў "рэйдарскім захопам" ператрусы, якія прайшлі ў банку 12 чэрвеня. А затрыманне былых калег і сяброў — "кампаніяй запалохвання".

Па справе "Белгазпрамбанка" затрыманыя 15 чалавек. Па словах Эйсмант, канфіскавана золата, карціны, каштоўныя паперы і вялікія сумы грошай. Затрыманым інкрымінуецца адмыванне грошай і нявыплата падаткаў.

Акрамя таго прэс-сакратарка Лукашэнкі запэўніла РБК, што кіраўнік Беларусі не мае патрэбы ў запалохваннях:

"Што тычыцца заспалохвання, пра якія заяўляецца, магу вам сказаць дакладна, што цяперашняму прэзідэнту запалохванне і ціск як раз зусім не трэба, абсалютна. Больш за тое, яно можа быць на шкоду. Аднак закон ёсць закон".

Колішні следчы Алег Воўчак заўважае, што прэс-сакратарка Лукашэнкі, даючы журналістам такія каментары, яўна дазваляе сабе лішняе. "Нават калі б яна была следчым па гэтай справе, дык на гэтай стадыі папярэдняга расследавання яшчэ рана даваць якую-небудзь інфармацыю, бо існуе таямніца следства і прэзумпцыя невінаватасці", — піша ён.

"А калі, дапусцім, нейкім бокам Наталля мела доступ да матэрыялаў крымінальнай справы, і без дазволу асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага апублікавала іх, яна нясе крымінальную адказнасць па артыкуле 407 КК і можа быць прыцягнутая да арышту.

Адвакаты Віктара Бабарыкі і адвакаты, якія прадстаўляюць інтарэсы Белгазпрамбанка, могуць зараз звярнуцца ў пракуратуру аб прыцягненні яе да крымінальнай адказнасці", — дадае Воўчак.

11 чэрвеня ў "Белгазпрамбанку" і кампаніях "ПрыватЛізінг", "Кентаўр", "Кампары" прайшлі ператрусы. Узбуджаная крымінальная справа па ўхіленні ад выплаты падаткаў. 12 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што ёсць доказы датычнасці экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" да злачыннай дзейнасці. За пару дзён да гэтага Аляксандр Лукашэнка загадаў падначаленым "прашарсціць гэтых пузатых буржуяў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі