Нарошчванне сіл НАТА стварае пагрозу для ўсёй АДКБ — Зась

09/02/2022 - 08:40
Станіслаў Зась

Нарошчванне ваенных сіл і сродкаў НАТА на усходзе "не толькі стварае пагрозы для Беларусі і Расіі, але і негатыўна ўплывае на забеспячэнне бяспекі ўсёй нашай арганізацыі, усёй АДКБ". Пра гэта заявіў генеральны сакратар арганізацыі Станіслаў Зась на канферэнцыі "Калектыўная бяспека ў новую эпоху: вопыт і перспектывы АДКБ". Яго словы прыводзіць ТАСС.

Зась нагадаў, што пасля міратворчай аперацыі ў Казахстане ў рамках АДКБ была створаная працоўная група па крызісным рэагаванні. Цяпер у кіраўніцтве АДКБ аналізуюць першы вопыт, плануюць "тэставаць перш за ўсё сістэму крызіснага рэагавання".

"Нам трэба мець магчымасць хутка і эфектыўна прымяняць наяўны патэнцыял у любых умовах і ў любым пункце ў зоне сваёй адказнасці", — сказаў Зась.

У пачатку года АДКБ адпраўляла міратворцаў у Казахстан, калі там пачалося супрацьстаянне. У складзе групы былі падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі, Беларусі, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстана.  Перад міратворцамі стаяла задача ахоўваць дзяржаўныя і ваенныя аб'екты, садзейнічаць сілам правапарадку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі