Чытаць болей: У Беларусі немагчыма згвалтаваць мужчыну. Чаму?
Таксама ён заявіў, што не пацвердзіліся гісторыі пра згвалтаванні ды катаванні. Маўляў, гэта прызналі і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў — толькі не назваў якіх.
(Дарэчы, раней атрымала шырокую вядомасць выказванне Казакевіча, што ў Беларусі згваліціь мужчыну немагчыма, таму, маўляў, такога не было. Згодна з Крымінальным кодэксам такога злачынства ў Беларусі сапраўды няма.)
Між тым, дакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын у сваім дакладзе за 2020 год гаворыць пра катаванні, учыненыя сілавікамі. Па яе словах, факты пацвярджаюцца ў тым ліку відэадоказамі.
Наконт ужывання спецсродкаў і несмяротнай зброі Казакевіч выказаўся так: "У дадзеным выпадку, калі ідзе вайна, яна ідзе не па кніжках, а на барыкадах. Куля не разбірае, куды ёй ляцець. Вадамёт працуе так, як ён працуе, а не выбарачна. Таму так, гэтыя факты мелі месца. Па кожным факце ў цяперашні час вядзецца праверка. <...> Грамадзянін, які ідзе на барыкады з мэтай зрынуць існуючую ўладу, існуючы рэжым у краіне, дзяржаўнае ўладкаванне, павінен разумець, што дзяржава адэкватна адрэагуе на здзейсненае дзеянне".
Намеснік міністра заявіў, што ўлады "свядома дапускалі" вулічныя маршы, бо ў краіне ёсць мноства людзей са сваёй грамадзянскай пазіцыяй.
На цяперашні час, на яго думку, вулічныя пратэсты вычарпаліся і перайшлі ў інтэрнэт: "Гэта групы, чаты, тэлеграм-каналы, якіх у рэспубліцы не тое што сотні — іх тысячы. Але зноў-такі да гэтага мы нармальна ставімся. Такі спосаб камунікацыі абсалютна прымальны. Іншая справа, што гэтыя групы, чаты, каналы можна падзяліць на радыкалізаваныя і нерадыкалізаваныя. < ... > Арганізатары [першых] сядзяць дома, выпіваюць і забаўляюцца тым, што выводзяць людзей на вуліцы".
Нядаўна МУС заявіла, што стварэнне і адміністраванне дваровых чатаў можа быць прыроўненае да стварэння экстрэмісцкай арганізацыі.
Таксама Казакевіч папалохаў студэнтаў пакараннямі за ўдзел у будучых вясновых пратэстах. Ён заявіў, быццам пратэсты ўвесну не вернуцца, а потым адразу дадаў, што агітацыя за іх ідзе. "Кожны раз, калі вы чуеце такія заклікі, думайце пра магчымыя наступствы. Прычым не імгненныя. Тое, што вас затрымаюць, — гэта найменшае зло. А пра тое, што будзе пасля", — заявіў міліцэйскі чыноўнік.