На зборшчыка подпісаў супраць дэкрэта аб "дармаедах" склалі пратакол

09/02/2017 - 16:02

Міліцыя Баранавічаў склала пратакол на зборшчыка подпісаў за адмену "дэкрэта аб дармаедах" Мікалая Чарнавуса. Гэта вядомы ў горадзе індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст.

9 лютага Чарнавуса выклікалі ў гараддзел міліцыі, паведамляе БелаПАН. Там у яго ўзялі тлумачэнне і склалі пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Па словах Чарнавуса, падставай сталі падзеі 6 лютага, калі ён разам са сваім сынам Мікалаем каля будынка мясцовай падатковай інспекцыі збіралі подпісы за адмену дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Чарнавус заявіў, што збор подпісаў не з'яўляецца масавым мерапрыемствам. Таму на пратаколе ён напісаў, што з ім не згодны і законаў не парушаў.

Таксама Чарнавус распавёў журналістам, што яны перадалі ў падатковую і памочнікам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Таццяны Якубовіч і Вольгі Паліціка копіі сабраных 510 подпісаў супраць дэкрэту. Дзеяняні міліцыі актывіст патлумачыў спалохам улады тым, што супраць дэкрэту выступае так шмат людзей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі