На заводзе дронаў у Польшчы здарыўся пажар. ABW правярае версію дыверсіі

31/08/2026 - 16:48

На тэрыторыі прадпрыемства Grupa WB / PAP/Adam Kumorowicz

У ноч з 30 на 31 жніўня на прадпрыемстве Grupa WB у польскім горадзе Скаржыска-Каменна адбыўся пажар. Кампанія вырабляе сістэмы для беспілотнікаў. Агонь успыхнуў у складска-вытворчай зале.

Паведамленне пра пажар паступіла неўзабаве пасля поўначы. Пажарныя справіліся з агнём прыкладна за дзве гадзіны. Ніхто не пацярпеў — у момант здарэння прадпрыемства было закрытае. Пасля тушэння месца агледзелі з дапамогай цеплавізійнай камеры. Небяспечных хімічных рэчываў не выявілі.

Пасля пажарных на месца прыбылі паліцыя і супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). Следчыя высвятляюць, што стала прычынай узгарання. Сярод версій — няспраўнасць абсталявання, выпадковае ўзгаранне або наўмысны падпал. Версію дыверсіі таксама не выключаюць.

"Службоўцы ABW працуюць, каб дакладна праверыць, ці можам мы ў гэтым выпадку гаварыць пра акт дыверсіі", — заявіў прэс-сакратар каардынатара польскіх спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі. Ён таксама заклікаў не рабіць заўчасных высноў і папярэдзіў пра рызыку дэзінфармацыі.

Сама Grupa WB паведаміла, што пажар быў невялікім, а ўсе працэдуры і сістэмы спрацавалі належным чынам. Кампанія плануе аднавіць працу прадпрыемства пасля завяршэння неабходных фармальнасцяў. Пры гэтым агонь пашкодзіў інфраструктуру, а дакладны памер стратаў пакуль не вызначаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі