На выбары якога года пайшло найбольш грошай (карцінкі)

24/09/2015 - 13:19

Да выбараў два тыдні, а агітацыі ад кандыдатаў амаль ноль. Паштовыя скрынкі пустыя, выбарчыя стэнды празрыстыя нават у цэнтры Мінска, а ўлётак з праграмамі няма нават у штабах.

 

Ярмошына: “Кандыдаты не клапоцяцца, каб выбаршчыкі іх ведалі”

Выбары 2015 года сталі першымі, калі кандыдаты ў прэзідэнты не атрымалі на агітацыю ад дзяржавы ні капейкі. Замест гэтага максімальны памер іх выбарчых фондаў быў павялічаны да 9 тысяч базавых — крыху менш за 100 тысяч долараў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына кажа, што забраць грошы ў кандыдатаў вырашылі пасля парламенцкіх выбараў 2012-га:

“У 2012 годзе я забрала грошы сабе. У 2010 кандыдатам яшчэ давалі грошы. А ў 2012 на парламенцкіх выбарах мы пачалі атрымліваць масавыя скаргі аб тым, што людзі ідуць на выбарчыя ўчасткі, а хто балатуецца, нават не ведаюць. Мы тады зразумелі, што кандыдаты ў дэпутаты ў прынцыпе не клапоцяцца пра тое, каб выбаршчык ведаў пра іх. Яны не асвойваюць тыя сродкі, якія дзяржава дае ім”.

 

Колькі каштуе агітацыя

У прынцыпе, не так і дорага. 3000 каляровых ўлётак фармату А4 з праграмай і прыгожым партрэтам кандыдата ў друкарні, дзе замаўляе сваю прадукцыю кандыдат Улаховіч, пацягнуць прыкладна на 7 мільёнаў. Каля 400 долараў. Выезд на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Брэст для каманды з 4-5 чалавек можа каштаваць прыкладна столькі ж. Толькі на паліва для аднаго аўтамабіля пойдзе каля 50 долараў, а яшчэ арэнда залы, харчаванне, гатэль (калі з начоўкай).

Усе выдаткі кандыдаты могуць аплачваць выключна афіцыйна і з выбарчых фондаў. Таму сёлета нібы зможам падлічыць, колькі на выбары патраціў кожны з іх. Раз на тыдзень штабы і “Беларусбанк” дасылаюць справаздачы ў ЦВК.

Самыя дарагія выбары — у 2006 годзе

Да 2012 года дзяржава кандыдатаў фінансавала і нават зусім няблага. Хіба толькі ў 1994 годзе было выключэнне — тады на кампанію кожнаму з іх выдзелілі ўсяго па адной тысячы долараў. Ужо ў 2001 годзе сума вырасла да 12 тысяч. А ў 2006 — да 27. Гэта быў рэкорд, тады ж прайшлі самыя дарагія выбары ў гісторыі Беларусі — з бюджэту на іх пайшло 16,2 мільёна долараў. Для параўнання — сёлета толькі 10,2 мільёна.

Прычым з гэтых 10 мільёнаў каля 8 раздадуць членам выбарчых камісій у якасці заробку. То бок на выбарчую агітацыю, якую ЦВК часткова ўзяў у свае рукі, прызначана каля 2 мільёнаў. У ЦВК кажуць, што на гэтыя грошы надрукуюць улёткі з інфармацыяй пра кожнага з кандыдатаў і разашлюць амаль усім выбаршчыкам. Першыя з іх у паштовыя скрыні пачалі раскідваць 24 верасня. Наклад — 4 263 200 штук. Партрэт кандыдата, 4 абзацы з біяграфіяй (пра Гайдукевіча напісалі, што любіць літаратуру і рыбалку) і ўсё. Пра змест праграмы і палітычныя погляды ні слова.

 

Няма грошай

На думку старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай праблемы з агітацыйнымі матэрыяламі сталі вынікам… адсутнасці грошай у кандыдатаў.

“Што тычыцца недахопу і адсутнасці плакатаў… Усё ж кандыдаты заяўляюць, што яны іх робяць. І што прадукцыя хутка з’явіцца. Адзінае, цалкам магчыма, у іх ёсць праблемы са сродкамі. Гэта ж трэба грошы яшчэ назбіраць. А ў кандыдатаў такая магчымасць з’явілася толькі пасля 10 верасня. Пасля рэгістрацыі іх кандыдатамі ў прэзідэнты”.

 

На момант падрыхтоўкі матэрыялу актуальнай інфармацыі пра стан выбарчых фондаў не было. На 16 верасня ў Лукашэнкі было 200 мільёнаў, 400 тысяч у Караткевіч. Штаб Гайдукевіча заяўляе пра 50 мільёнаў ахвяраванняў. Інфармацыя пра грошы Улаховіча увогуле недаступная. Мяркуючы па ўсім, штаб кандыдата-казака абмежаваўся 3000 улётак з праграмай.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі