На выбарах у парламент ЦВК зробіць упор на правапрымяняльную практыку

18/05/2016 - 11:40

Падчас парламенцкіх выбараў, якія запланаваныя на 11 верасня, беларускі Цэнтрвыбаркам мае намер зрабіць упор на ўдасканаленне правапрымяняльнай практыкі. Пра гэта заявіла журналістам 18 траўня ў Мінску старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што паводле Венецыянскай камісіі беларускае заканадаўства дазваляе правесці дэмакратычныя выбары і галоўнае — правапрымяняльная практыка, перадае БелаПАН.

Па словах Ярмошынай, выкананне 22 і 30 рэкамендацыяў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, зробленых пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў, патрабуе зменаў заканадаўства або канстытуцыі. Менавіта таму акцэнт будзе рабіцца на правапрымяняльную практыку.

Сярод іншага, у метадычных дапаможніках для чальцоў выбарчых камісій, зацверджаных ЦВК, ёсць тлумачэнні, якія дазваляюць павысіць празрыстасць падліку галасоў і палепшыць працу назіральнікаў.

Цэнтрвыбаркам будзе “строга назіраць” за выкананнем выбарчымі камісіямі тлумачэнняў з гэтых дапаможнікаў. Калі ж будуць парушэнні, то вінаватыя панясуць адказнасць “ажно да крымінальнай”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі