Улады Тайваня паведамляюць пра завяршэнне працаў па пошуку ахвяраў магутнага землятрусу, які адбыўся на мінулым тыдні і забраў жыцці 116 чалавек.
У выніку падземных штуршкоў у горадзе Тайнань абрынуўся жылы дом. Паводле апошніх дадзеных, пад заваламі дагэтуль застаюцца два чалавекі.
Паліцыя арыштавала забудоўшчыка зруйнаванага будынка і дваіх архітэктараў — ім выставілі абвінавачанні ў халатнасці, якая пацягнула за сабой смерць людзей.
Землятрус магнітудай 6,4 бала адбыўся ў ноч на 6 лютага і прывёў да разбурэння некалькіх буйных будынкаў у Тайнані. За першым штуршком былі яшчэ пяць.
Тайвань знаходзіцца ў сейсмічна актыўным рэгіёне, дзе часта адбываюцца землятрусы. Апошняе такое стыхійнае бедства адбылося на востраве ў 1999 годзе — магнітуда землятрусу склала 7,6 бала, перадае ВВС.