На пажары ў жылым доме ў Нью-Ёрку загінулі 12 чалавек

29/12/2017 - 08:59
Фота: www.nydailynews.com

У выніку пажару ў жылым доме ў Нью-Ёрку загінулі 12 чалавек. Яшчэ чатыры чалавекі, па заяве гарадскіх уладаў, атрымалі сур'ёзныя апёкі і знаходзяцца ў рэанімацыйных аддзяленнях. Улады горада не выключаюць, што колькасць ахвяр можа ўзрасці, паведамляе Reuters.

Мэр горада Біл дэ Блазіа заявіў, што гэты пажар з'яўляецца самым страшным за апошнія 25 гадоў.

Фота: Amr Alfiky / Reuters

Вядома, што ў пажары загінула аднагадовае дзіця. Самай сталай ахвяры агню 50 гадоў, паведаміў прэс-сакратар мэрыі Нью-Ёрка Даніэль Нігра.

Пажар адбыўся ў жылым доме на 25 кватэр у Бронксе. Ён пачаўся каля 19:00 па нью-ёркскім часе (03:00 па Мінску). Па дадзеных пажарных, ачаг загарання знаходзіўся на другім паверсе. Адтуль агонь хутка распаўсюдзіўся па ўсім будынку.

Прычына ўзгарання пакуль невядомая.

Пажарныя прыбылі на месца на працягу трох хвілін, у тушэнні пажару бралі ўдзел каля 160 чалавек.

У Нью-Ёрку зараз стаіць незвычайна халоднае надвор'е. Слупкі тэрмометраў апускаюцца да -7, а звычайная снежаньская тэмпература для "Вялікага яблыка" складае -1 градус Цэльсія.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі