На новых станцыях мінскага метро ўсталявалі аўтаматычныя ахоўныя дзверы

20/07/2020 - 19:34

На новых станцыях мінскага метро ўсталявалі аўтаматычныя ахоўныя дзверы. Гаворка пра чатыры станцыі трэцяй лініі — "Вакзальная", "Кавальская Слабада", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча". Сістэма бяспекі з такімі дзвярыма — новаўвядзенне для мінскага метро. Дзякуючы ёй, пасажыры не ўпадуць на рэйкі, піша "Рэспубліка".

Ахоўныя дзверы (экраны) усталяваны на краю платформы — на кожнай станцыі па 40. Яны выраблены з празрыстага тэрмаабарончага шкла, якое не б'ецца, мае таўшчыню 9 мм. Іх вышыня складае 170 сантыметраў. Дзякуючы сэнсарным датчыкам, экраны адкрываюцца і закрываюцца сінхронна з дзвярыма вагонаў цягніка.

Спецыялісты кажуць, што падобныя аўтаматычныя ахоўныя экраны можна ўсталяваць і на дзейных станцыях метро. Аднак для гэтага спатрэбіцца складаная падрыхтоўчая і тэхнічная праца.

Мяркуецца, што ўрачыстае адкрыццё новых станцый адбудзецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

sb.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі