На маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва наклалі абмежаванні

21/10/2018 - 11:20

Аддзел прымусовала выканання Шклоўскага раёна 19 кастрычніка наклаў абмежаванні на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Фармулёўка: дзеля забеспячэння аплаты штрафу за ўдзел у акцыі пратэсту супраць рэстарана “Паедзем паядзім” ва ўрочышчы Курапаты. Сам палітык сцвярджае, што ўсе штрафы ён сплаціў.

Тым не менш яму даслалі пакет дакументаў, з якіх вынікае, што ён не можа здзяйсняць рэгістрацыйныя дзеянні са сваім аўтамабілем і гаражом. У выніку Кастусёву давялося займацца “камунікацыяй” паміж судамі ў Мінску, якія прысудзілі штрафы, і судовымі выканаўцамі ў Шклове, якія наклалі абмежаванні на маёмасць, паведамляе TUT.by са спасылкай на БелаПАН.

Кастусёў мяркуе, што гэта “дробная помста” за пададзеную ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на выкарыстанне адміністратыўнага пераследу як сродку абмежавання свабоды сходаў у Беларусі.

4 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічыняў (735 рублёў) за ўдзел у акцыі ў Курапатах. Напярэдадні суда палітыка затрымалі раніцай па дарозе на Мінск з боку Магілёва. Ён накіроўваўся праз сталіцу ў аэрапорт, каб вылецець у Варшаву для ўдзелу ў пасяджэнні міжнароднай камісіі польскага сейма.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі