На беларуску напалі ў польскай Лодзі — дзяўчыне спатрэбілася аперацыя

07/10/2024 - 15:41

Карына ў клініцы пасля аперацыі / gazetaby.com

Карына — палітычная ўцякачка з Беларусі. У польскай Лодзі на яе напалі, пасля чаго дзяўчыне спатрэбілаіся аперацыя, піша "Салідарнасць".

Здарэнне адбылося ўвечары 27 ліпня. Дзяўчына ішла з сябрам свайго хлопца, украінцам Багданам. Яны размаўлялі між сабой на трасянцы. Ім насустрач трапілася жанчына з сынам-падлеткам, якія сказалі: "Украінцы, спердаляйце ў сваю Украіну". Хлопец спыніўся і ўступіў у дыскусію. А калі Карына падышла, жанчына нечакана заляпіла ёй поўху па правай шчацэ, кажа беларуска.

"З гэтага і пачалася бойка. Я так і не ўспомніла, як канкрэтна развіваліся падзеі, таму што, мабыць, пасля ўдару ў мяне шок наступіў. Але я дакладна памятаю, што абаранялася. Гэтым часам сын жанчыны пачаў набліжацца да Багдана, дэманструючы агрэсію. Я была адна на адзін з гэтай полькай. Яна на мяне скакала, скакала, махала рукамі, кофту садрала, потым я паспела яе падняць, яна зноў пабегла за мной, я зноў абаранялася. У нейкі момант яна мяне паваліла, я ўпала і паклікала на дапамогу Багдана. Ён падбег, я паспела падняцца. Багдан стаў паміж намі, спрабаваў яе стрымліваць", — расказвае Карына.

Пасля гэтага жанчына яшчэ раз дала беларусцы поўху, трапіўшы цяпер у левае вуха. "Мяне аглушыла. Праз пару хвілін я зразумела, што не чую на левае вуха. Пасля гэтага нападнікі развярнуліся і пачалі сыходзіць. Мы таксама пайшлі", — згадвае дзяўчына.

Але і на тым усё не скончылася. Бо нападнікі вярнуліся з дапамогай. Карына затэлефанавала сваёму хлопцу, а на Багдана напалі сын полькі і яшчэ адзін чалавек. Мінакі закрычыалі, што выклічуць паліцыю — толькі тады нападнікі спалохаліся і ўцяклі.

Па словах дзяўчыны, на наступны дзень яны з Багданам прыйшлі пісаць заяву ў паліцыю, але паліцыянты іх проста апыталі і не далі распісацца ні ў якіх дакументах.

На чацвёрты дзень пасля інцыдэнту Карына звярнулася ў клініку. Ёй паставілі дыягназ "посттраўматычная перфарацыя левай барабаннай перапонкі" і шпіталізавалі. Дзяўчыне зрабілі аперацыю пад агульным наркозам. У той жа дзень да яе прыехаў у клініку паліцыянт, які склаў пратакол пад подпіс. "Складваецца ўражанне, што калі б не было гэтай аперацыі, то і справы б не было", — канстатуе дзяўчына.

Дзяўчына кажа, што па фота апазнала жанчыну-нападніцу і яе сына. Але паліцыя папярэдзіла, што строгага пакарання тыя не атрымаюць: "У паліцыі нам сказалі, каб не разлічвалі на тое, што яе пасадзяць. Максімум нейкія абмежаванні. Якія абмежаванні, я не да канца зразумела. Ніякай інфармацыі аб ходзе справы ў мяне няма".

Карына ўцякла з Беларусі пасля двух затрыманняў, ператрусу і пад пагрозай крымінальнага пераследу. У Польшчы яна атрымала від на жыхарства і міжнародную абарону.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі