МЗС рыхтуе запыт наконт грубага дагляду беларускі на літоўскай мяжы

17/03/2018 - 10:58

МЗС Беларусі рыхтуе запыт літоўскім уладам наконт грубага дагляду беларускі Нікі Кошар, якую западозрылі ў кантрабандзе наркотыкаў. Гэта здарылася 15 сакавіка ў аэрапорце Вільні, куды беларуска прыляцела з Лімы з перасадкай у Амстэрдаме. Дзяўчыну абшукалі, а затым адвезлі ў клініку, дзе прымусілі глытаць зонд. Таксама ёй зрабілі МРТ, пасля чаго выбачыліся і запрасілі прылятаць у Літву яшчэ.

Гэты інцыдэнт Ніка Кошар апісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Па вяртанні ў Беларусь яна звярнулася ў міліцыю.

Здарэнне абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках. Прадстаўнік крымінальнай службы мытні Літвы Гедымінас Кулікаўскас заявіў DELFI, што цяпер праводзіцца расследаванне абставінаў працэдуры, вызначанай у такіх выпадках.

Беларускі МЗС скантактаваўся з дзяўчынай і таксама займаецца высвятленнем абставінаў інцыдэнту. Знешнепалітычнае ведамства мае праверыць, ці не былі парушаныя правы грамадзянкі нашай краіны, паведамляе TUT.by.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі