МЗС Расіі абвінаваціла ЕС ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі перад выбарам

24/07/2020 - 07:05

МЗС Расіі лічыць, што Еўрасаюз умешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта афіцыйная прадстаўніца расійскага ведамства Марыя Захарава заявіла на брыфінгу 23 ліпеня. 

Па яе словах, менавіта з падачы Бруселя ў Савеце па правах чалавека ААН была прынятая рэзалюцыя па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 

"На фоне бесперапыннага патоку абвінавачванняў з боку заходніх партнёраў пра нібыта расійскі след у выбарах у іх краінах, прычым усё гэта як заўсёды бяздоказна, выклікае здзіўленне тое, што як належнае ўспрымаецца ўласнае рэальнае, а не ўяўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы з дапамогай ініцыявання такіх рашэнняў Савета. Лічым такі падыход недапушчальным", — заявіла Захарава.

Яна паведаміла, што "многія так званыя развітыя дэмакратыі" скарысталіся праблемамі ў працы ААН ва ўмовах пандэміі COVID-19. Па словах Захаравай, яны займаюцца "прасоўваннем уласнага тлумачэння інтэрпрэтацыі мэтаў і прынцыпаў Статута ААН з прыцэлам на перакройванне ўсёй архітэктуры міжнародных адносін".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі