МЗС Літвы хоча, каб Літоўскі інстытут энергетыкі спыніў супрацу па БелАЭС

25/09/2017 - 07:07

МЗС Літвы патрабуе, каб Літоўскі інстытут энергетыкі перагледзеў сваю пазіцыю па Беларускай АЭС, піша інтэрнэт-газета "Ежедневник" са спасылкай на балтыйскія СМІ. 

Пра ўдзел літоўскіх навукоўцаў у праекце Беларускай АЭС шырокай публіцы стала вядома некалькі дзён таму. Паведамлялася, што літоўцы кансультуюць беларускі бок, як правільна чытаць расійскія дакументы, датычныя бяспекі атамнай электрастанцыі. Супраца адбываецца ў рамках праекта, фінансаванага Еўракамісіяй. 

Кіраўніцтва Літоўскага інстытута энергетыкі паведаміла, што ўдзел яго навукоўцаў у кансультацыях Беларусі быў узгоднены з Міністэрствам замежных спраў Літвы. Пасля гэтага прадстаўнікі МЗС заявілі, што інстытут мусіць перагледзець сваю пазіцыю. Дыпламаты спаслаліся на тое, што літоўскі парламент нядаўна прыняў закон, у якім прызнаў Беларускую АЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы. На сустрэчы з прадстаўнікамі інстытута дыпламаты папярэдзілі яго супрацоўнікаў пра магчымыя пагрозы.

У сваю чаргу кіраўнік Інстытута энергетыкі Літвы Сігітас Рымкявічус паведаміў журналістам, што прадстаўнікі МЗС пасля сустрэчы зразумелі, што ад супрацы з Беларуссю можна атрымаць і выгаду: літоўскія навукоўцы могуць быць надзейнай крыніцай інфармацыі.

Тым не менш спецыяльны прадстаўнік Літвы па пытаннях БелАЭС, супрацоўнік МЗС Дарус Дзягуціс падкрэсліў, што пазіцыя афіцыйнай Вільні абсалютна ясная: "Будаўніцтва АЭС мусіць быць неадкладна спыненае".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі