Вакцынацыя / ria.ru
8 красавіка Мінздароўя абвясціла пра старт масавай вакцынацыі ад COVID-19. Праўда, пачала прышчапляць ахвотных толькі 34-я мінская паліклініка. Астатнія пакуль што толькі вядуць запіс.
На працягу апошніх тыдняў прышчэпкі змаглі зрабіць беларусы, якія працуюць у буйных кампаніях, што заключылі дамовы з паліклінікамі. Еўрарадыё пагутарыла з тымі, хто ўжо прышчапіўся даступнымі ў нашай краіне вакцынамі.
Каб запісацца на вакцынацыю, тлумачаць у паліклініцы №34, трэба ўсяго толькі патэлефанаваць і прадыктаваць свае прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас пражывання і кантактны тэлефон. Пазней (калі — незразумела) вам ператэлефануюць для планавання візіту для прышчэпкі.
— Ці трэба здаваць дадатковыя абследаванні перад прышчэпкай? Ёсць інфармацыя, што пры наяўнасці антыцел да COVID-19 прышчэпка можа быць бескарыснай, — задаём такое пытанне.
— Ніякіх папярэдніх аналізаў здаваць не трэба. Вы прыходзіце на прыём да доктара, а ён ужо можа нешта прызначыць, калі будзе неабходнасць, — адказваюць у даведачнай паліклінікі.
У беларускіх паліклініках прышчапляюць двума відамі вакцын: расійскай "Спадарожнік V" і кітайскай "Vero Cell". У абодвух выпадках трэба зрабіць два ўколы, паміж якімі павінен прайсці 21 дзень.
Павел, айцішнік з Мінска, учора атрымаў ужо другую, апошнюю прышчэпку расійскай вакцыны. Такую магчымасць яму прапанавалі на працы.
— Перад ін'екцыямі лекар рабіў стандартныя вымярэнні: тэмпература, пульс, ціск. Плюс пыталіся пра вострыя і хранічныя захворванні і алергіі, — расказвае Павел.
— Як ты адчуваў сябе пасля прышчэпак?
— Пасля першай прышчэпкі ў мяне былі дробныя пабочкі: падвышаная стамляльнасць і санлівасць, галаўны боль і болі ў месцы ін'екцыі як пасля моцнага ўдару. Пасля другой прышчэпкі "злавіў" на першы дзень тэмпературу каля 38 градусаў і мінімальны галаўны боль. Потым зноў з'явіўся боль у месцы ін'екцыі, ён пакуль яшчэ да канца не прайшоў. У мяне ўсё прайшло дастаткова мякка. Сябры расказвалі, што ў іх пасля другой прышчэпкі тэмпература падымалася да 40 градусаў.
— Не пашкадаваў, што вакцынаваўся?
— У кожным разе ўсё вышэйапісанае значна лепш, чым хварэць, калі б раптам давялося пад ШВЛ ляжаць. Праз тры тыдні здам кроў. Кажуць, што праз гэты час з'яўляецца патрэбны цітр IgG.
Мінчанка Яна прышчапілася ўжо дзвюма дозамі расійскай вакцыны "Спадарожнік". Дзяўчына, а таксама яе малады чалавек і бацькі сутыкнуліся з пабочнымі дзеяннямі прышчэпкі.
— У паліклініцы вымералі тэмпературу, паглядзелі горла, удакладнілі, ці адчувала я недамаганне ў апошні тыдзень. Укалолі, пакінулі на паўгадзіны ў калідоры, перыядычна выходзілі ўдакладніць, ці ўсё добра. З ночы і да вечара наступнага дня была тэмпература (да 38 °С у хлопца, у мяне не вышэй за 37,5 °С), балела рука вакол месца ўколу. Наогул цягліцы і косці балелі як пры грыпе. Нічога асабліва страшнага не было. Да вечара наступнага дня ўсе сімптомы прайшлі як быццам. Пасля другога ўколу — усё тое самае, можа, толькі менш ярка выяўлена, — расказвае Яна.
У таты не было ніякай рэакцыі на прышчэпкі, антыцелы з'явіліся. У мамы была тэмпература вышэй за 38 градусаў, пасля абедзвюх прышчэпак яна адчувала сябе дрэнна. Лекары кажуць, гэта рэдкасць. Больш рэакцый на прышчэпку сярод моладзі, таму што імунітэт рэагуе мацней.
— А чаму вырашылі зрабіць прышчэпку?
— Таму што надакучыла баяцца. Хочам працаваць не з дому, хадзіць у кіно, у кавярні, куды хоча дзіця, падарожнічаць. За год было столькі гісторый ад сяброў і знаёмых: як 30-гадовыя траплялі на ШВЛ, як месяцамі пасля лёгка перанесенага кавіду сябры жылі з жэстачайшым посткавідным сіндромам. Увесь гэты год мы досыць адказна самаізаляваліся, але вельмі ад гэтага стаміліся. Калі можна прышчапіцца і адчуваць сябе спакайней і вальней — чаму не?
Ад недамагання на суткі пра сваё рашэнне мы не пашкадавалі, вядома. Што будзе далей, пакуль няясна. На колькі хопіць прышчэпкі — не ведаюць пакуль нават лекары. Але мы плануем рэгулярна рабіць тэсты, правяраць антыцелы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.