Мянушку TUT.BY атрымаў у калоніі следчы, які закрыў найбольшы партал Беларусі

08/10/2026 - 10:39

Дзмітрый Даліннік

Былы следчы Дзмітрый Даліннік, асуджаны за карупцыю, атрымаў у калоніі мянушку TUT.BY. Так зняволеныя ацанілі ягоную ролю ў закрыцці вядомага партала, піша выданне "Зеркало".

Даліннік быў начальнікам упраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы Следчага камітэта і кіраўніком следчай групы па "справе TUT.BY". Мужчыну затрымалі пры канцы 2022 года і абвінавацілі ў атрыманні хабару. На пачатку 2026-га стала вядома, што яго асудзілі. Далінніка адправілі ў калонію №3 "Віцьба", дзе адбываюць пакаранне многія былыя сілавікі. Раней паведамлялася, што яму прысудзілі 14 гадоў, але, паводле інфармацыі крыніцы "Зеркала", насамрэч тэрмін складае 9 гадоў.

У калоніі Далінніка сустрэлі непрыязна. Суразмоўца "Люстэрка" сцвярджае, што іншыя зняволеныя стараліся з ім не кантактаваць. Таксама ў калоніі хадзілі чуткі, быццам Далінніку далі адносна невялікі тэрмін, бо ён сведчыў супраць іншых фігурантаў справы.

Кажуць, што былы следчы імкнецца добра зарэкамендаваць сябе перад адміністрацыяй калоніі. Ён разлічвае, што яму змякчаць пакаранне і перавядуць у калонію-паселішча або на "хімію".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі