"Мяне самога пасадзілі на 10 сутак". Як працуюць адвакаты ў Крыме

29/03/2017 - 08:00

У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым, як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.

Праз тры гады пасля падзей сакавіка 2014 года афіцыйны Кіеў лічыць паўвостраў часова акупаванай тэрыторыяй. Крэмль настойвае, што Крым з'яўляецца часткай расійскай тэрыторыі. Крымскіх актывістаў, палітыкаў і шараговых грамадзян паўвострава, якія выступалі супраць далучэння Крыма да Расіі, цяпер судзяць за парушэнне расійскага заканадаўства. Расійская арганізацыя “Мемарыял” прызнае іх палітвязнямі і вязьнямі сумлення. І даказаць невінаватасць падсудных у адвакатаў не атрымліваецца. Як і ўвогуле нармальна выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Эміль Курбедзінаў

За палітычныя справы ў Крыме бяруцца ўсяго 10 адвакатаў

З адвакатам Эмілем Курбедзінавым мы сустракаемся побач з яго невялічкім офісам у цэнтры Сімферопаля. Размаўляем на вуліцы, бо ў кабінеце сядзяць чарговыя кліенты ― людзі ідуць і ідуць да адваката за дапамогай. Справы ва ўсіх розныя, але з часу анексіі Крыма Эміль аддае перавагу абароне затрыманых па палітычных матывах. Тых, хто не лічыць Крым расійскім. Як вынік, адвакат адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, правялі ператрус у яго офісе і “зрабілі выемку” дакументаў, якія ўтрымліваюць “адвакацкую таямніцу”. За тое, што падчас вобшуку ў аднаго з суайчыннікаў Эміль… здымаў усё на тэлефон. А перад гэтым адвакат атрымліваў ад “высокіх людзей” намёкі пра неабходнасць пакінуць адвакатуру.

“Мы з самага пачатку стараліся ўсе крымінальныя справы, якія лічым палітычна матываванымі, зрабіць празрыстымі для людзей ― як тут, так і за мяжой. Мы хацелі, каб людзі бачылі, як праходзяць суды, як прадстаўляюцца доказы і гэтак далей. А гэта вельмі моцна перашкаджае тым, хто гэтыя справы вядзе, боку абвінавачвання”, ― тлумачыць прычыны пераследу Эміль.

Сярод кліентаў адваката, як лідары Меджліса, якіх вінавацяць у “закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі”, так і ўдзельнікі акцыі “За адзіную Украіну”, якая праходзіла ў Сімферопалі яшчэ да анексіі ― 26 лютага 2014 года, ды “тэрарысты з аб’яўленай у Расіі тэрарыстычнай арганізацыі “Хізб ут-Тахрыр”.

― Ад пачатку было зразумела, якія будуць вынікі суда. Але мы з самага пачатку вырашылі, што будзем займацца справай і паказваць юрыдычную неадпаведнасць гэтых спраў. Бо адразу па абвяшчэнні прысуду мы будзем падаваць у Еўрапейскі суд па правах чалавека ― мы не разлічваем на станоўчы вынік тут, на тэрыторыі Расіі. І другое: каб даказаць палітычную матываванасць гэтых спраў, мы павінны даказаць юрыдычную неадпаведнасць гэтых спраў. І таму мы працуем вельмі дакладна. Каб адразу было бачна, што гэтыя справы не маюць ні фактычных, ні юрыдычных падстаў”.

― Навошта вам гэта трэба ― аплата на такіх працэсах незайздросная?

Я ўспрымаю гэта, як свой абавязак. Гэта мая праца, і я нічога не парушаю. І сыходзіць ад такіх спраў толькі таму, што нехта там пагражае, я не лічу правільным. Зразумейце: з’язджаць адсюль мы не збіраемся, і трэба нешта рабіць, неяк адстойваць свае правы.

― І шмат сярод адвакатаў такіх прынцыповых?

Спачатку вельмі моцны вакуум быў з адвакатамі, юрыстамі, праваабаронцамі, якія згодныя былі брацца за палітычна матываваныя справы. А цяпер адвакаты наадварот далучаюцца да такіх спраў. І я ўжо не адзін ― ёсць ужо каля дзесяці адвакатаў. Калі б мы адразу кіраваліся логікай: “Навошта мне гэта трэба ― ёсць больш прыбытковыя справы”, то цяпер зусім дрэнна было б.

― Вядомыя выпадкі знікнення праўкраінскіх актывістаў. Не баіцеся, што і да адвакатаў можа дайсці чарга?

Можа дайсці, мы гэтага не выключаем. Але які адказ вы хочаце ад мяне пачуць?

― Страшна ці не?

Вядома, страшна! Я ж таксама жывы чалавек, і мне таксама страшна. Але ў мяне ёсць пэўныя прынцыпы. Я мусульманін, і я лічу, што маё жыццё, мой лёс, маё здароўе не ў іх руках, не на паперках гэтых людзей, не ў іх прысудах. Тут жывуць мае суайчыннікі, тут жыву я, і я павінен тут навесці парадак.

― Мае значэнне, каго абараняць ― татарына ці ўкраінца? А прарасійскага актывіста абараняць у судзе возьмецеся?

Нацыянальнасць і веравызнанне не мае для мяне ніякага значэння. Я цяпер займаюся справай украінца Мікалая Семяну. Кожны мае права на абарону ― і прарасійскі актывіст у тым ліку. Гаворка ідзе пра тое, каб суд быў справядлівы.

Мікалай Полазаў

"Самае дрэннае, што ёсць у Расіі, укараняецца ў Крыме"

Расійскі адвакат Мікалай Полазаў на палітычных працэсах працуе даўно. У Расіі ён абараняў Аляксея Навальнага, Pussi Riot, Сяргея Удальцова, украінскую лётчыцу Надзею Саўчанка. Апошні год расійскі адвакат працуе ў Крыме ― бароніць у судзе намесніка кіраўніка Меджліса крымскататарскага народа Ахтэма Чыйгоза. Быў Полазаў адвакатам і ў яшчэ аднаго намесніка кіраўніка Меджліса ― Ільмі Умерава (гісторыю яго пераследу мы расказваем у рэпартажы “Я ― бацька экстрэміста. Пяць гісторый крымскіх татар”), але нечакана следчыя з адваката зрабілі яго сведкам па справе, і такім чынам вывелі з гульні. “Пакуль сведка, але…” ― сумна жартуе Полазаў.

Мы сустракаемся недалёка ад Вярхоўнага суда Крыма, дзе слухаецца справа Ахтэма Чыйгоза. Слуханні скончыліся, і адвакат выйшаў да суайчыннікаў падсуднага, якія расклалі па лавах у скверы самаробныя пачастункі і частавалі гарбатай усіх, хто прыйшоў у суд падтрымаць намесніка кіраўніка Меджліса.

Прашу адваката параўнаць, як праходзяць палітычныя суды ў “мацерыковай” Расіі і тут, на паўвостраве.

“Усё самае дрэннае, што было ў расійскай правапрымяняльнай практыцы, актыўна ўкараняецца ў Крыме. Але ёсць і свая спецыфіка. Не сакрэт, што многія службовыя асобы, суддзі, пракуроры, супрацоўнікі паліцыі ― гэта грамадзяне Украіны, якія далі прысягу расійскай уладзе. Большасць з іх засталіся на пасадах, якія займалі ва Украіне. Да прыкладу, справу Чыйгоза вядуць два суддзі, якія ў гэтым жа судзе і працавалі. Але крымчане не да канца адчуваюць сябе грамадзянамі Расіі. І каб адчуць сябе сапраўднымі расіянамі, асабліва гэты тычыцца тых, хто знаходзіцца пры пасадзе, яны “зямлю рыюць”, даказваюць, што з’яўляюцца сапраўднымі апалагетамі расійскай улады. Гэта стварае дадатковы элемент ціску на людзей, якіх тут пераследуюць”.

Скардзіцца адвакат і на “інфармацыйны вакуум”: расійскія незалежныя СМІ сюды практычна не даязджаюць, а тыя “правільныя”, што даехалі, праблем з правамі чалавека не заўважаюць. Украінскія журналісты сюды не едуць, бо небяспечна ― лёгка могуць арыштаваць за шпіянаж. З беларускіх журналістаў мы тут увогуле былі першымі пасля анексіі.

Гэты інфармацыйны вакуум і адсутнасць палітычнай падтрымкі з боку Украіны, асабліва ў справах крымскіх татар, Мікалай Полазаў лічыць галоўнымі перашкодамі для сваёй працы. Ну, калі не лічыць самога расійскага правасуддзя.

“Яшчэ ні па адной палітычнай справе ў Расіі ніколі нікога не апраўдвалі. Так, прымалі потым рашэнні накшталт амністыі ці памілавання, але заўжды выносілі абвінаваўчы прыгавор. Тое ж будзе і ў выпадку Ахтэма Чыйгоза. Але праца ў судах ― ніжняя частка піраміды. Тут я будую платформу, на якой ужо ствараецца палітычная канструкцыя і ўмацоўваецца перамоўная пазіцыя па яго вызваленні”.

Адвакат спадзяецца, што праца над гэтымі “канструкцыямі” не будзе дарэмнай, і ў выніку Чыйгоз будзе на свабодзе. А гэта створыць прэцэдэнт і дапаможа іншым людзям, якіх сёння ў Крыме судзяць па палітычнаматываваных справах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі