"Мы павінны зрабіць усё, каб вярнуць Данбас і Крым" — 27-я раніца вайны

22/03/2022 - 06:33
Торговый центр в Киеве после обстрела / @uniannet

Інфармацыі аб буйных абстрэлах гэтай ноччу на навінавых стужках не з'явілася.

З'явілася заява мэра Чарнігава Уладзіслава Атрашанкі — аб тым, што расійскія войскі працягваюць абстрэльваць горад, у тым ліку жылыя дамы. Горад практычна ачэплены акупантамі з усіх бакоў, піша УНІАН.

Паводле ацэнкі Атрашанкі, ратуючыся ад вайны, з горада выехалі больш за палову яго жыхароў.

"Дакладнага падліку не вядзем, але, па маіх адчуваннях, у горадзе застаецца арыентыровачна 130 тысяч чалавек. Да вайны было 285", — кажа мэр.

Мэр Барыспаля — гэта горад у 40 км ад Кіева — Уладзімір Барысенка заклікаў жыхароў з'ехаць, каб палегчыць працу Узброеным сілам. Паводле яго слоў, зараз ідуць баі вакол горада.

"Як паказвае практыка тых гарадоў, дзе цяпер ідуць баі, чым менш грамадзянскага насельніцтва знаходзіцца ў горадзе, тым лягчэй працаваць Узброеным сілам", цытуе Барысенка ўкраінскае тэлебачанне "Громадське".

Амаль не спыняўся учора агонь і ў Рубежный (гэта ў Луганскай вобласці). Пра гэта піша кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго слоў, праціўнік абстрэламі разбурае дамы, школы, бальніцы.

"Непрыступным для ворага застаецца і Папасняншчына (раён у Луганскай вобласці - Еўрарадыё). Баі працягваюцца, але рускія не прасоўваюцца ўглыб гарадоў. Учора жыхары горнага вытрымалі авіяўдар", — распавядае Гайдай.

Тым часам, у дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны падлічылі, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, праціўнік часткова пашкодзіў каля 3780 жылых дамоў, цалкам знішчаны 651 дом.

Дом у Харкаўскай вобласці пасля абстрэлу / @dsns_telegram

Па дадзеных на раніцу аўторка, 22 сакавіка "істотных змен у становішчы і характары дзеянняў сіл абароны на працягу апошніх сутак не адзначана". Гэта ацэнка ўкраінскага Генштаба.

У начной зводцы, падводзячы вынікі мінулага дня, Генштаб адзначаў, што расійскія войскі "часова ўтрымліваюць сухапутны калідор з акупаваным Крымам і блакуюць выхад да Азоўскага мора". Былі спробы арганізаваць наступ на Палескім кірунку, але поспеху яны не прынеслі. Працягваюцца абстрэлы Харкава, Чарнігава і іншых населеных пунктаў.

"Расійская авіяцыя працягвае разбураць аб'екты інфраструктуры ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласцях", —  гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба. Пры гэтым, расійскія вайскоўцы "працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Беларусі".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на першай жа сустрэчы з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным гатовы казаць аб акупаваных тэрыторыях. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю грамадскім вяшчальнікам Украіны, Чэхіі і Францыі. Тэзісы яго адказаў прыводзіць "Громадське". Пры гэтым Зяленскі падкрэсліў, што Украіна не можа аддаць больш "ні аднаго ўчастка" сваёй зямлі

"Мы павінны зрабіць усё, каб вярнуць Данбас і Крым", — сказаў Зяленскі.

Ён па-ранейшаму лічыць, што сустрэча з Пуціным важная і мэтазгодная. Без яе "незразумела, на што гатовая Расія, каб спыніць вайну". Ацаніць страты ад працягу гэтай вайны ён не рызыкнуў. Сказаў, што гэта вельмі сур'ёзныя рэчы.

"Ведаю адно: страту насельніцтва нам не даруе гісторыя, страту нашага народа не даруе дзяржава, страту тэрыторый не даруе наша будучае пакаленне", — падкрэсліў Зяленскі.

У сваім начным звароце да грамадзян краіны, украінскі прэзідэнт сказаў, што "гэта быў дзень цяжкіх падзей, цяжкіх высноў".

З'явілася інфармацыя, што ў Кіеў можа прыехаць прэм'ер-міністр Ізраіля Нафталі Бенет. "Громадське" піша, што кіраўнік ізраільскага ўрада даручыў спецслужбам краіны падрыхтавацца да яго магчымага візіту ва Украіну. Але гэты візіт адбудзецца толькі калі будзе перспектыва, што бакі змогуць дамовіцца аб спыненні агню. "Для фотасесіі" Беннетт у Кіеў не паедзе, папярэдзілі ўкраінскіх калегаў ізраільскія чыноўнікі.

Між тым, па стане на 21 сакавіка з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў краіне загінулі па меншай меры 925 мірных жыхароў. Сярод загінулых ня менш за 75 дзяцей. Гэта дадзеныя Упраўлення ААН па правах чалавека. Пры гэтым у ААН падкрэслілі, што рэальная колькасць ахвяр значна вышэйшая, бо падлік у зоне баявых дзеянняў пакуль немагчымы. Нагадаем, паводле звестак украінскай пракуратуры, дзяцей за час вайны загінулам больш — 117.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі