МВФ не хоча абмяркоўваць новы крэдыт, бо Беларусь не падтрымлівае рэформы

20/07/2017 - 17:04

Міжнародны валютны фонд прыпыніў перамовы з Беларуссю, бо чакае "ясную дэманстрацыю падтрымкі на высокім узроўні неабходных зменаў". Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй.

Перш за ўсё гаворка ідзе пра дзяржаўныя прадпрыемствы і камунальны сектар, патлумачыў прадстаўнік МВФ.

Бліжэйшыя кантакты прадстаўнікоў МВФ і Беларусі адбудуцца ўжо не ў рамках падрыхтоўкі праграмы супрацы, а падчса штогадовай місіі МВФ, якая чакаецца ў кастрычніку.

Прадстаўнічыя дэлегацыі МВФ сёлета ўжо двойчы наведвалі нашу краіну. 16 сакавіка па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Мінск прыязджаў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман, намеснік кіраўніка Еўрапейскага ўпраўлення МВФ Танас Арваніціс і старэйшы рэгіянальны прадстаўнік МВФ па рэгіёне СНД Бас Бакер. Па словах прадстаўніка МВФ, сярод іншага абмяркоўвалася эканамічная і сацыяльная сітуацыя ў Беларусі, а таксама сістэма сацыяльнай абароны для тых, хто больш за ўсё ў ёй мае патрэбу.

Ужо на пачатку года была амаль гатовая да падпісання праграма Беларусі з МВФ. Наша краіна магла атрымаць, згодна з ёй, крэдытам на суму не менш за 3 млрд долараў на 10 гадоў пад 2,28% гадавых. Крэдыторы патрабавалі, найперш, лібералізацыі беларускай эканомікі, ліквідацыі перакрыжаванага субсідавання. 

Улетку Беларусь размясціла еўрабондаў на $1,4 млрд і атрымала $700 млн крэдыта з Расіі, такім чынам закрыўшы касавы разрыў паміж валютнымі актывамі і сумай, якую трэба было вярнуць па знешніх пазыках. Такім чынам, Беларусь пазбавілася неабходнасці ў дадатковых пазыках з-за мяжы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі