Мужчыну затрымалі за падабайку пад навіной пра напад на сілавікоў у Магілёве

07/10/2024 - 17:19

Затрыманне за падабайку / тг-канал сілавікоў

Мужчыну сталага веку затрымалі за падабайку ў "Аднакласніках", заўважылі праваабаронцы "Вясны".

У тг-канале сілавікоў з'явілася відэа з кадрамі затрымання. Бачна, што беларуса жорстка затрымліваюць два чалавекі ў спартовых касцюмах. Сам затрыманы кажа на камеру, што нагодай стала ягоная падабайка пад навіной пра напад на сілавікоў у Магілёве. Міліцыянты вырашылі, што такім чынам мужчына ўхваляе дзеянні "экстрэміста".

Па якім артыкуле вінавацяць затрыманага і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.

23 верасня міліцыянты паведамілі, што затрымалі ў Магілёве мужчыну, які падчас "прафілактычнай гутаркі" нібыта выцягнуў нож і кінуўся на сілавікоў, параніўшы дваіх. Паводле версіі сілавікоў, мужчына быў "экстрэмістам", якога міліцыянты апазналі на вуліцы. Праўда, на відэа затрымання бачна, што абодва параненыя былі не ў форме.

Пасля гэтага ў Магілёве адбыўся шэраг затрыманняў сярод знаёмых мужчыны. Таксама міліцыянты адсочваюць рэакцыю ў сацсетках на гэты інцыдэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі