МУС — пра затрыманне дзяўчыны каля “гарадавога”: “Выбачацца не будзем”

02/04/2019 - 10:07

Міністэрства ўнутраных спраў не бачыць падставаў выбачацца пра перад 18-гадовай дзеўчынай, якую на два дні пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання за спробу пнуць скульптуру "Мінскага гарадавога". Пра гэта 2 красавіка заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка, адказваючы на пытанне Еўрарадыё падчас адкрыцця веснавой сесіі Палаты прадстаўнікоў.  

“Вось калі суд прыме рашэнне, што мы павінны выбачыцца, то тады мы гэта зробім. Калі няма такіх падставаў, то мы выбачацца не будзем”, — заявіў Мікалай Мельчанка.  

Чарговы інцыдэнт са скульптурай, якая ўсталяваная на вуліцы Гарадскі вал насупраць будынка МУС, адбыўся 23 сакавіка. 18-гадовая Аляксандра Самасюк разам з бацькам і братам праходзіла міма. Калі яна замахнулася нагой на скульптурную кампазіцыю, з будынка МУС з’явілася паўтузіна міліцыянераў. Яны схапілі Аляксандру і завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе яе пратрымалі двое сутак. Пазней суд накіраваў гэтую справу на дапрацоўку, а дзяўчыну вызвалілі.

"Мінскі гарадавы" не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ці помнікам, гэта проста скульптурная кампазіцыя. Тым не менш яе сур'ёзна ахоўваюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі