Мошас: Замарозка санкцый — дрэннае і неэфектыўнае знешнепалітычнае рашэнне

29/10/2015 - 12:44

Замарожваць санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі ЕС мусіў толькі ў выпадку не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі беларускіх палітзняволеных.

Такое меркаванне выказаў эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас на канферэнцыі “Беларусь як фактар рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці”, што праходзіць у Таліне.

Мошас: “Калі б палітвязні былі не толькі вызваленыя, але і рэабілітаваныя — я лічыў бы магчымым ісці на гэтыя рэчы (замарозка санкцый адносна Беларусі. — Еўрарадыё). Проста вызваленне без таго, каб у краіне ўзніклі хоць якія гарантыі таго, што гэтага больш не паўторыцца і новыя палітвязні не з’явяцца, мяне як назіральніка не задавальняе. Канешне, уводзіць санкцыі трэба прадумана, але пасля таго як вы ўводзіце санкцыі здымаць іх фактычна ў аднабаковым парадку, на мой погляд, не апраўдана”.

Замарозка “беларускіх” санкцый дрэнна адаб’ецца на спробах Еўрасаюза і ЗША з дапамогай санкцый паўплываць на Расію, упэўнены фінскі эксперт.

Мошас: “Логіка тут вельмі простая. Калі мы пад любой нагодай вяртаемся да ўзаемаадносінаў з Лукашэнкам, то мы тым больш павінны вяртацца да эканамічна ўзаемавыгадных адносінаў з партнёрам значна больш эканамічна прывабным, значна больш моцным і пры пэўных умовах значна больш непрыемным, чым пры любых абставінах можа быць Беларусь. Таму я лічу, што гэта дрэннае знешнепалітычнае рашэнне. Яно не проста маральнае ці немаральнае — яно не эфектыўнае”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі